Портнікаў: Пацверджання таго, што Кучма не едзе ў Мінск, няма
Тое, што сярод украінскіх удзельнікаў сённяшніх мінскіх перамоваў названы Віктар Медвядчук, не азначае, што ён замяняе Леаніда Кучму.
Сустрэча кантактнай групы ў Мінску па сітуацыі на Данбасе пачнецца 24 снежня а 15-й гадзіне. Пра гэта паведаміў адзін з кіраўнікоў самаабвешчанай "Данецкай народнай рэспублікі" Дзяніс Пушылін.
Тое, што сярод украінскіх удзельнікаў сённяшніх мінскіх перамоваў названы кум расійскага прэзідэнта Віктар Медвядчук, не азначае, што ён замяняе Леаніда Кучму (на здымку). Такое меркаванне Еўрарадыё выказаў вядомы ўкраінскі палітолаг Віталь Портнікаў.
Портнікаў: “Тое, што Медвядчук прыехаў у Мінск, яшчэ не азначае, што ён прыехаў замест Кучмы. Медвядчук мог ужо прыехаць, а Кучма потым прыедзе. Медвядчук, як вядома, быў неяк раней прыцягнуты да перамоваў па абмене палоннымі… Давайце дачакаемся пачатку перамоваў і даведаемся дакладна — ёсць там Кучма ці не”.
Як паведамілі Еўрарадыё ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, яны спісу ўдзельнікаў кантактнай групы, што возьмуць удзел у сённяшніх перамовах, не маюць. І таму каментаваць інфармацыю пра тое, што Леаніда Кучму заменіць Віктар Медвядчук, яны не могуць. Як і невядома пакуль, ці змогуць на перамовах прысутнічаць журналісты. Вядома, што ўдзельнікі кантактнай групы хочуць правесці перамовы “ў закрытым рэжыме”. Пра гэта Еўрарадыё напярэдадні паведаміў кіраўнік прэс-службы МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.
Паводле слоў Дзяніса Пушыліна, сёння будуць абмеркаваныя пытанні адводу артылерыі і сродкаў залпавага агню на бяспечную адлегласць ад размежавальнай лініі, абмен палоннымі, спыненне эканамічнай блакады Данбаса і ўвядзенне ў дзеянне Украінай закона аб асаблівым статусе гэтага рэгіёна. Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін пацвердзіў, падчас перамоваў 24 і 26 снежня найперш плануецца дамовіцца пра выкананне ранейшых мінскіх дамоўленасцяў. А таксама — наконт вызвалення ваеннапалонных і закладнікаў. Але тэму асаблівага статусу Данбаса афіцыйны Кіеў абмяркоўваць не збіраецца.
Фота — fraza.ua