Пра беларускіх палітвязняў згадалі ў Нямеччыне і Нарвегіі (фота)
4 жніўня сябры “Звязу для дэмакратыі ў Беларусі” прыйшлі да беларускай амбасады ў Берліне і развесілі насупраць яе партрэты беларускіх палітвязняў.
У гэты ж дзень прадстаўнікі арганізацыі каля нарвежскага горада Ставангера наведалі помнік “Тры мячы ў скале”. Каля яго беларусы таксама вывесілі партрэты беларускіх палітвязняў.
Акцыі былі прымеркаваныя да Дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.
Як расказаў Еўрарадыё кіраўнік Звязу Анатоль Міхнавец, падчас акцыяў акцэнтавалася ўвага на асобах Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенкі. Яны былі асуджаныя на 7 гадоў зняволення кожны за спробу падпалу дзвярэй бабруйскага аддзелу КДБ.
Акрамя партрэтаў Васьковіча і Пракапенкі былі таксама здымкі праваабаронцы Алеся Бяляцкага і беларускага ўцекача ў Польшчы Андрэя Жукаўца.