Праца ЕС над новымі санкцыямі супраць Беларусі зайшла ў тупік — PAP
Калійныя ўгнаенні з Беларусі застаюцца пад санкцыямі / З архіву Еўрарадыё
Праца ЕС над новымі санкцыямі супраць Беларусі зайшла ў тупік. Прычына — пытанне беларускіх калійных угнаенняў, паведамляе PAP са спасылкай на свае крыніцы.
Па даных інфармагенцтва, некалькі краін Заходняй Еўропы згодныя на новыя санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі толькі ў абмен на адмену шэрагу ранейшых абмежаванняў. У прыватнасці, называюцца пастаўкі калійных угнаенняў. Аднак Польшча і краіны Балтыі катэгарычна не пагаджаюцца з адменай раней уведзеных санкцый супраць РБ. А Швецыя, якая з пачатку года старшынюе ў ЕС, не робіць захадаў па пошуку кампрамісу.
Чакаецца, што ў Бруселі ў чарговы раз абмяркуюць пытанне новых санкцый супраць Беларусі ў другой палове красавіка.
Пра тое, што рэжым Лукашэнкі чакаюць новыя санкцыі за падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне, кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла ў студзені сёлета. Перад гэтым краіны "Вялікай сямёркі" таксама прыгразілі беларускаму кіраўніцтву дадатковымі выдаткамі за ўцягванне ў вайну. Аднак пакуль гэтыя заявы засталіся толькі пагрозамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.