Працягнуты мандат дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі

У Жэневе на сэсіі Савета па правах чалавека ААН напярэдадні разглядалася беларускае пытанне. Была прынятая рэзалюцыя аб працягненні яшчэ на адзін год мандата спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, паведамляе "Голас Амерыкі".

Адзначаецца, што Савет заклапочаны тым, што ў нашай краіне працягваюць парушацца правы чалавека і гэта мае "сістэматычны і сістэмны характар". У рэзалюцыі змешчаны заклік да беларускага ўраду правесці рэформы судовай сістэмы і адвакатуры, каб дамагчыся поўнай незалежнасці і бесстароннасці судоў, забяспечыць прэзумпцыю невінаватасці і права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Савет па правах чалавека ААН заклікае ўлады Беларусі вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў.

Дарэчы, прыняццё дакумента ад імя ЕС ініцыявала дэлегацыя Латвіі. Дэлегацыя Беларусі крытычна аднеслася да рэзалюцыі. Было заяўлена пра двайныя стандарты.  Супраць прыняцця дакумента прагаласавалі 8 краін, а сярод іх Расія, Казахстан, Кітай, Індыя, Куба, Венесуэла. 18 чальцоў Савета ўстрымаліся.

Нагадаем, што ўлады нашай краіны не прызнаюць мандат спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і адмаўляюцца з ім супрацоўнічаць. Спецдакладчыкам з'яўляецца Міклаш Харашці.


Фота з архіву.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі