Прадпрымальніца пра аптовыя склады: “Шкарпэткі і трусы я б узяла!”

Калі ад беларускіх прадпрымальнікаў пачалі патрабаваць сертыфікаты якасці, то як альтэрнатыву чыноўнікі прапанавалі закупляцца на беларускіх аптовых складах.

Мінуў час. Выязджаем разам з дасведчанай іпэшніцай Людмілай у адно з такіх месцаў — сталічны “Трыкатажгандаль”. Прадпрымальніца ў бізнесе больш за 20 гадоў. Працавала на трыкатажы і ў Беларусі, і ў Расіі на Урале. Раней паслугамі такіх складаў не карысталася.

“Гэтыя ж брэнды любы можа купіць за кіламетр адсюль, у ЦУМе. Навошта пакупніку ісці да мяне!” — адразу ж заўважае Людміла, аглядаючы прадукцыю “Купалінкі”, “Світанка”, “Кіма” і іншых беларускіх прадпрыемстваў.

Прадпрымальніца аглядае начную сарочку. Кошт закупкі —  216 тысяч разам з ПДВ.

“У нас яе за большую суму не прадасі. А ў Расіі год таму можна было збыць за такія ж самыя грошы. Там начныя сарочкі ўзбекі прадаюць. Хэбэшачкі. Узбекскія атрымліваюцца танней”, — тлумачыць ІПэшніца. 

Раптам прадпрымальніца заўважае спартовае адзенне кампаніі “Сола-Пінск” і аглядае простыя з выгляду чорныя жаночыя штанцы. Іх закупка абыходзіцца ў 185 тысяч. 

“У нас іх на рынку купляць не будуць. У Расіі максімальная для іх цана — 1000 расійскіх рублёў. То бок зарабіць можна менш за пяць долараў. А трэба ж і наварыць”, — крытычна падлічвае прадпрымальніца.

Такім чынам іпэшніца разграміла амаль увесь тавар на складзе. Нават яркія спартовыя беларускія  касцюмы, якія раней ў Расіі вельмі любілі. 

Раптам Людміла заўважае вечаровую сукенку фірмы “Мелісэна”.

“Вось даволі сімпатычная сукенка, закупка каля 356 тысяч.  Магчыма, і ў нас на ёй можна атрымаць 150 тысяч навару. Але цяпер не сезон, і я б не рызыкавала. Сукенка някепская, але псіхалогія ў мінчукоў такая, што лепш пераплаціць 100 тысяч і прывезці польскую, больш сучаснай мадэлі”.

Кансультанты складу прыводзяць Людмілу да аддзела з замежнымі таварамі. Там вісіць усяго некалькі мадэляў. Але ад кардыгана і некалькіх сукенак прадпрымальніца адразу адмахваецца — старыя, на яе думку, мадэлі. 

Але знайшліся і тыя тавары, што прыйшліся да душы. Гэта, напрыклад, жаночыя шкарпэткі беларускай вытворчасці.

“Закупка каштуе паўдолара. У Расіі за такую суму на адной пары можна зарабіць паўдолара. Дробязь заўжды добра бяруць. А вось на мужчынскіх шкарпэтках амаль не заробіш — 0,2 ці 0,3 долара на пары”, — аналізуе іпэшніца. 

Асартымент склада ў вачах прадпрымальніцы выратавала ніжняя бялізна фірмы “Лэдзі-леда”. Людміла доўга мацала трусы і нарэшце ўхваліла іх дызайн. Закупка добрага камплекта згаданай фірмы абыходзіцца ў 100 тысяч. Па адчуваннях Людмілы, зарабіць на ім можна каля 50% ад названага кошту.

“Прыгожыя, але незразумела, якімі яны будуць у носцы. Але браць можна. Для Расіі дакладна”.

Таксама прадпрымальніцу зацікавілі беларускія купальнікі, якія падышлі б “жанчынам бальзакаўскага ўзросту”.

“Такія ў сезон пайшлі б і ў Беларусі”, — скончыла агляд складу прадпрымальніца.

Тым не менш Людміла амаль не пабачыла на складзе “хадавога” для яе тавару і пайшла да кансультантаў пацікавіцца, хто ж у іх закупаецца. Прадпрымальніцу здзівілі аповеды пра тое, што амаль усе кліенты — з Беларусі, і толькі лічаныя закупляюць тавар наўмысна пад Расію і Казахстан. Пэўную дарагавізну цэнаў прадпрымальніцы патлумачылі тым, што увесь тавар сертыфікаваны, і гэтыя траты закладзены ў цану.

“Магчыма, беларусы прадаюць такі тавар па вёсках, дзе людзі не маюць вялікага выбару, — разважае Людміла. — Але я пабачыла мала прыгожых мадэляў, мала яркіх колераў. Мала ёсць такога, каб сама насіла”. 

На думку прадпрымальніцы, паратунку ў такіх складах яе калегі не знойдуць.  Толькі калі пачнуць вазіць прадукцыю ў Расію. І тое трэба счакаць, пакуль эканоміка суседняй краіны ачомаецца ад крызісу.

“Ад таго ж Уралу Польшча далёка, польскія тавары вельмі дарагія. Кітайскае задавальняе не ўсіх. А беларускі тавар таннейшы і добры па якасці. Таму ў Расію вазіць можна, — аналізуе іпэшніца. — А наш беларус зазвычай хоча апранацца прыгожа. Побач Польшча, Гродна. Лепш пераплаціць, але атрымаць новую мадэль”. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі