Прадпрымальнікі: Не трэба вынаходзіць ровар, зрабіце як у Паўночнай Карэі

Прадпрымальнікі: Не трэба вынаходзіць ровар, зрабіце як у Паўночнай Карэі

15 лютага на прыступках Палаца Рэспублікі ў Мінску праходзіць мітынг прадпрымальнікаў. Каля 300 іпэшнікаў пратэстуюць супраць “Указа №222, які з 1 студзеня абавязвае прадстаўнікоў дробнага бізнесу мець сертыфікаты якасці на тавар. Большасць прысутных вымушана прыпыніла сваю дзейнасць і гатовая чакаць крокаў улады насустрач. Але наўрад ці цярпення хопіць надоўга, маўляў, і так ужо месяц без працы.

“Няхай не адмяняюць указ, але хоць бы гэтыя вар’яцкія штрафы прыбяруць, — перабіваюць адно аднаго мінскія прадпрымальнікі, што стаяць крыху асобна ад натоўпу. — А так які сэнс нам выходзіць на працу? Каб увогуле без нічога застацца? А то ў нас заробкі як у Зімбабвэ, а штрафы як… не ведаю нават, у Амерыцы такіх штрафаў, напэўна, няма. Калі нічога не зменіцца, то адзіны выхад — з’язджаць з краіны. Ужо многія перавозяць бізнес, дамаўляюцца, аб’ядноўваюцца, ездзяць у той жа Смаленск вахтавым  чынам… Правільна кажуць, што кожны народ варты свайго прэзідэнта. Вось колькі нас тут сабралася сёння? А астатнім, відаць, усё падабаецца! Найлепшыя людзі з’едуць з краіны, не сумнявайцеся! У Польшчу, у Расію… У любым выпадку горш, чым тут, нідзе няма!”.

Цяпер за працу без сертыфікату і накладных іпэшнікам пагражае штраф у памеры 200 базавых велічыняў (42 мільёны рублёў) плюс канфіскацыя тавару і выручкі. Але самае крыўднае, на думку яшчэ адной групы прадпрымальніц, якія гандлююць жаночай вопраткай і бялізнай, што не заўсёды наяўнасць дакументаў залежыць ад саміх прадпрымальнікаў.

“Вось я супрацоўнічаю з Санкт-Пецярбургам, — кажа жанчына. — І калі мне трэба нейкі тавар дабраць і я яго магу аплаціць наяўнымі, то не факт, што яны гэтыя грошы правядуць у сябе афіцыйна. І калі ім патэлефануюць праверыць, то я не ведаю, што яны скажуць. Іх там не чапаюць, у іх на пяць гадоў мараторый. Таму яны не жадаюць плаціць падаткі і не афармляюць маю пакупку”.

“Ці я брала бялізну, — уступае ў гутарку яшчэ адна прадпрымальніца. — Сертыфікаты далі, накладныя далі, чэк далі, іншыя дакументы, прывезла — а ў рэестры гэтай здзелкі няма! І што мне рабіць? А гэта штраф, канфіскацыя і ўсё іншае!” — дачка жанчыны жыве ў Нідэрландах, і яна увесь час распавядае пра тое, што ў іх цэлыя гандлёвыя вуліцы працуюць без сертыфікатаў. Адзінае патрабаванне — надпіс на краме, каб пакупнікі ведалі, што заходзяць глядзець рэчы без сертыфікатаў.

Падтрымаць іпэшнікаў прыходзяць і вядомыя апазіцыйныя палітыкі: Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец, Анатоль Лябедзька. Апошні прывозіць на плошчу мегафон, чым фактычна ратуе выступы арганізатараў. Што праўда, зараду хапае ненадоўга, і ў выніку выступоўцам даводзіцца даносіць свае думкі крыкам. У сярэдзіне натоўпу амаль нічога не чуваць, і прадпрымальнікі разбіваюцца на групкі па месцы працы. Праходзячы побач адной з іх, Еўрарадыё чуе, як адна з прадпрымальніц жаліцца, што ёй давялося звольніць двух прадавачак:

“Адзінокія мамы, якія цяпер больш за месяц не могуць знайсці працу. Я б іх трымала, каб хоць не былі беспрацоўнымі, але ж мне трэба за іх плаціць адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны. Як так, мы ж не працуем, а адлічэнні плаціць трэба. А ў суме з падаткам і арэндай гэта непадёмна”.

Прадпрымальнікі неахвотна распавядаюць свае гісторыі на дыктафон. Не жадаюць называць свае імёны і тым больш фатаграфавацца. Але некаторыя ўсё ж прызнаюцца, што працягваюць гандляваць дома, “седзячы на несертыфікаваных рэчах, якія засталіся нераспрададзенымі за мінулы год”.

“Бывала такое, што выходзіш на працу, а ў цябе аўторак, серада, чацвер і пятніца — нуль, — згадваюць прадпрымальніцы. — І добра, калі ты хоць нешта прадаеш у выходныя, але і гэта не факт. У людзей грошай няма! І як у такіх умовах яшчэ і павышаць цэны на тавар? А без павышэння цэнаў немагчыма правесці сертыфікацыю! Каб зрабіць экспертызу аднаго віду тавару, трэба ў сярэднім 4 мільёны, а ў нас 50 відаў. І вось уявіце: калі ў цябе гандлёвая плошча 10 метраў, я не кажу ўжо нават пра меншую, то як гандляваць? У нас жа кожнага віду рэчаў па 8. Мы ж раней рабілі гігіенічныя пасведчанні, гадоў 10 па іх працуем, але яны і каштавалі пад’ёмна. А цяпер што?” 

Жанчыны падлічваюць, што ў сярэднім кошт вопраткі з сертыфікатам вырасце на 600-700 тысяч. Бо, напрыклад, звычайных кароткіх спаднічак яны прывозяць 8 штук, дзве з іх аддаюцца на знішчэнне, каб атрымаць сертыфікат. У выніку 4 мільёны за гэтую паслугу давядзецца раскідаць на астатнія 6 спаднічак.

“Калі Лукашэнка жадае апрануць усіх беларусаў у беларускае, то гэтае пытанне не так трэба вырашаць! — з усмешкай кажа прадпрымальнік з Мінска, які не баіцца цалкам згарнуць бізнес, бо ўжо на пенсіі. — Ёсць жа выдатны сусветны досвед і не трэба вынаходзіць ровар — Паўночная Карэя. Закрываем межы, і ўсе будуць набываць беларускае і працаваць на беларускім — праблема вырашаная! А так праблема ўся праз нестыкоўкі ў расійскім і нашым заканадаўстве. У Расіі прадпрымальнікі працуюць па патэнтах — а гэта зусім іншая сістэма! Дык калі ў нас адзіная эканамічная прастора, зрабіце вы адзін варыянт для ўсіх, ці расійскі ў нас, ці беларускі ў іх. І ўсё!”

Большасць прадпрымальнікаў перакананая, што нікому не выгадна, каб гэты канфлікт зацягваўся. Таму ўсе шчыра вераць, што рашэнне будзе прынятае вельмі хутка. А далей —ці з’язджаць, ці заставацца. Пакуль жа дамовіліся выходзіць на Кастрычніцкую плошчу Мінска кожны панядзелак, каб прыходзіць маглі тыя, што ўсё ж працягваюць працаваць. Іпэшнікі спадзяюцца, што наступным разам да іх далучацца і тыя, што пабаяліся прыйсці. “Пабачаць, што нікога не збівалі, не разганялі, і прыйдуць!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі