Прадпрымальнікі з Полацка збіраюцца не плаціць арэнду і падаткі
Іпэшнікі заяўляюць, што не здольныя працаваць у сённяшніх умовах.
Полацкія індывідуальныя прадпрымальнікі могуць з сакавіка перастаць плаціць арэндую плату за гандлёвыя плошчы і падаткі. Пра гэта падчас нацыянальнага Форуму прадпрымальнікаў, які 16 лютага прайшоў у Мінску, заявіла прадстаўніца полацкіх іпэшнікаў Вольга Шчарстабітава.
“З 1 сакавіка 2015 года, мы абмеркавалі з прадпрымальнікамі, што гэта мяжа, і мы не будзем плаціць арэнду, не будзем плаціць падаткі, — заяўляе прадпрымальніца з Віцебскай вобласці. — Няхай дзяржава адчуе нашы праблемы рублём. Нас прадпрымальнікаў многа. Заўважце, у нас ужо пераносяцца тэрміны выплаты пенсій і дапамогі дзецям. Значыць, дзяржава чакае, што можа быць недаатрыманне бюджэту з нашых падаткаў?”, — пытае прадпрымальніца і адзначае, што арэнда за апошні месяц падаражэла больш чым на 50%.
Адзначым, што на Форум сабраліся больш за 400 дробных прадпрымальнікаў з усёй Беларусі. Іпэшнікі абмяркоўваюць стаўкі арэнднай платы, што выраслі, падаткі, а таксама немагчымасць гандляваць без сертыфікатаў. Па чарзе бяруць слова прадпрымальнікі і прадстаўнікі ўлады.
Вольга Шчарстабітава з Полацка таксама падняла пытанне адсутнасці аптовых баз для закупкі.
“Нам абяцалі аптовыя базы, з 2005 года. Чаму ўлады не выконваюць распараджэнні прэзідэнта, каб прадпрымальнікі маглі атрымліваць тавар з дакументамі!”, — кажа жанчына.
Прадстаўніца Мінгандлю адказвае, што такія базы ў Беларусі дзейнічаюць — іх адрасы можна знайсці на сайце ведамства, пра іх таксама ведаюць і ў выканкамах на месцах.
Многія прадпрымальнікі нязгодныя закупляцца на гэтых базах, бо гэта “дорага і мадэлі вопраткі не сучасныя”. Прадпрымальніца з Полацка Вольга Шчарстабітава распавядае пра тое, як яна наведвала аптовую базу ў Гродна.
“Гэта такая аўталаўка — як у дзяцінстве прыязджала ў вёску. Надпіс “Прадаецца па аптовых коштах з дакументамі”. Але кошт аптовага тавару трошкі ніжэйшы, чым кошты ва ўнівермагах. Вісяць мадэлі 10-гадовай даўніны і чаму я павінна рэалізаваць гэта?” — пытаецца прадпрымальніца. На гэта ў прадстаўнікоў улады няма адказаў.
Фота: periskop.livejournal.com