Прадстаўнік Літвы ў ПАСЕ: Беларусь неўзабаве стане новай правінцыяй Расіі
Эгідыюс Варэйкіс распавядае Еўрарадыё, чаму яны не хочуць супрацоўнічаць з новаабранай Палатай прадстаўнікоў.
Еўрарадыё: Сёння Парламенцкая асамблея Савета Еўропы абмяркоўвае беларускае пытанне. Спецдакладчык ПАСЕ па Беларусі Андрэс Херкель у сваёй заяве ўжо выказаў шкадаванне, што многія абавязальніцтвы ў рамках АБСЕ Беларуссю не былі выкананыя. Такая ацэнка Парламенцкай асамблеяй сітуацыі ў Беларусі да чаго можа прывесці, чаго можа нам каштаваць?
Эгідыюс Варэйкіс: Мы заўсёды ў Парламенцкай асамблеі так мяркуем: у Беларусі два шляхі — альбо пастарацца і выканаць хаця б мінімальныя ўмовы і ўступіць у Савет Еўропы; альбо сказаць: “Беларусі гэта ўсё нецікава, нам абыякава тое, што там кажуць”. І вось, што тычыцца выбараў, то мне падаецца, што Лукашэнка абраў другі шлях. Ім усё адно, што мы скажам, што мы дакажам. Мы ж кажам, што выбары не адбыліся — гэта быў нейкі спектакль на тэму, што “народ любіць бацьку” і не больш за тое. Такім чынам, відавочна, што афіцыйны Мінск вырашыў у структуры Еўропы не ўступаць. Адзіная еўрапейская краіна! І мы гэта ведаем. А ці будзе ад гэтага Беларусі добра ці дрэнна, то я лічу, што будзе дрэнна. Бо краіна, ізаляваная ад Еўропы, адыходзіць у бок Азіі, у бок Расіі. І я лічу, што такая дзяржава, як Беларусь, у бліжэйшай будучыні перастане існаваць — будзе новая правінцыя Расіі.
Еўрарадыё: Ці азначаюць такія настроі сярод дэпутатаў ПАСЕ, што гэты орган не будзе мець ніякіх стасункаў з новым беларускім парламентам?
Эгідыюс Варэйкіс: Мы хочам, каб Беларусь стала еўрапейскай краінай. Але рэжым гэтага не хоча. Ну, дык як нам рабіць трэба?!
Еўрарадыё: Праз два тыдні міністры замежных спраў краін ЕС будуць разглядаць беларускае пытанне. Як вы лічыце, меркаванні, выказаныя адносна беларускага пытання на сённяшнім пасяджэнні ПАСЕ, будуць улічвацца міністрамі падчас прыняцця імі свайго рашэння наконт Беларусі?
Эгідыюс Варэйкіс: Міністры заўсёды звяртаюць увагу на тое, што мы кажам.
Еўрарадыё: Ваша меркаванне: ці здымуць з беларускага міністра замежных спраў Уладзіміра Макея забарону на ўезд у ЕС?
Эгідыюс Варэйкіс: Я думаю, што гэта пытанне фармальнае: здымуць — не здымуць. У яго ж усё адно рукі звязаныя. Калі рэжым не хоча супрацоўнічаць з Захадам, то што ён можа — толькі прывозіць нам на Захад нейкія лісты ад Лукашэнкі? Гэта не цікава. Думаю, што замежныя справы Беларусі пераважна будуць звязаныя з Усходам.
Фота: http://www.respublika.lt