Прадстаўнік МУС: непрацуючыя грамадзяне нясуць патэнцыйную пагрозу
"Непрацуючыя грамадзяне нясуць патэнцыйную пагрозу грамадскай бяспецы". Такую заяву зрабіў падчас круглага стала ў рэдакцыі "СБ. Беларусь сегодня" Дзмітрый Кур'ян, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС.
"Аналізуючы сацыяльны партрэт асобаў, затрыманых на несанкцыянаваных акцыях, мы бачым: больш за 40% з іх — гэта грамадзяне, якія нідзе не працуюць і не вучацца, — кажа Кур'ян. — У асобныя дні летам гэтая доля складала каля 50% (ад агульнай колькасці затрыманых)".
Прадстаўнік МУС падкрэслівае, што многія з затрыманых пратэстоўцаў "мелі праблемы з законам і раней".
На нядаўняй нарадзе Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу "з органамі міліцыі... неадкладна заняцца працаўладкаваннем беспрацоўных", "неадкладна паставіць на ўлік дармаедаў, якія боўтаюцца, і прымусіць іх працаваць". Ён лічыць, што непрацуючы чалавек — "гэта не толькі "пратэстун" на вуліцы, гэта будучы злачынца". Неўзабаве пасля гэтага ў Гродзенскай вобласці пачалі складаць базу беспрацоўных.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.