Прадстаўнік рэжыму Лукашэнкі ў Жэневе спрабаваў апраўдаць рэпрэсіі

На пасяджэнні ў Жэневе

На пасяджэнні ў Жэневе / salidarnast.info

Прадстаўнік рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Жэневе спрабаваў апраўдаць рэпрэсіі ў РБ супраць актывістаў незалежных прафсаюзаў. На 112-й Міжнароднай канферэнцыі працы Камітэт па прымяненні стандартаў МАП правёў спецыяльную сесію, прысвечаную "абуральным парушэнням працоўных правоў у Беларусі".

Як піша salidarnast.info, былі агучаныя даклады па пытаннях парушэння Беларуссю канвенцый Міжнароднай арганізацыі працы і выканання рэзалюцыі МАП, якую прынялі ў чэрвені 2023-га. Падкрэслівалася, што за апошнія тры гады ў Беларусі ліквідавалі ўсе незалежныя прафсаюзы, за краты трапілі амаль 60 прафсаюзных лідараў і актывістаў. Сярод іх — выконваючы абавязкі члена адміністрацыйнай рады МАП, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, які быў асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі.

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Ігар Старавойтаў адмаўляў усе прэтэнзіі міжнароднай арганізацыі, называючы гэтае пытанне "палітызаваным і справакаваным заходнімі дзяржавамі". Нібыта такія дзеянні "маюць на мэце пагоршыць эканамічнае становішча простых людзей, каб выклікаць сацыяльнае напружанне ў грамадстве". Што да рэпрэсій супраць незалежных прафсаюзаў, то Старавойтаў заявіў пра іх дачыненне да "масавых беспарадкаў".

Выданне адзначае, што выступ прадстаўніка рэжыму Лукашэнкі не пераканаў ні бок працаўнікоў, ні ўрадаў, ні працадаўцаў. У сваіх выступах яны заклікалі вызваліць прафсаюзных актывістаў, гаварылі пра пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі і адсутнасць у рэжыму жадання нешта мяняць.

Рашэнне Камітэта па прымяненні стандартаў МАП будзе падрыхтавана 13 чэрвеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі