Прадстаўнікі дэмплатформы і прафсаюза ЕГУ заяўляюць аб рэпрэсіях

Пра гэта гаворыцца ў адкрытай заяве дэмакратычнай платформы "За новы ЕГУ" і прафсаюза супрацоўнікаў і выкладчыкаў універсітэта. Заява была прынятая 31 ліпеня пасля азнаямлення з загадам рэктара ЕГУ Анатоля Міхайлава аб прызначэнні выкладчыкаў, якія прайшлі ўнутраны адбор.

У заяве гаворыцца, што "за бортам" універсітэта апынуцца практычна ўсе актыўныя прыхільнікі пераўтварэнняў. Так, згодна з загадам, не будзе працягнута супрацоўніцтва ЕГУ са старшынёй прафсаюза і сенатарам Аляксеем Крывалапам, яго намеснікам Канстанцінам Ткачовым, членам Савета прафсаюза і сенатарам Андрэем Ралянком. Не будзе працоўных кантрактаў і з намеснікам старшыні Сената Вольгай Шпарагай, сакратаром Сената і сябрам Савета прафсаюза Андрэем Лаўрухіным, сенатарам Максімам Жбанковым.

Канстанцін Ткачоў заявіў агенцтву БелаПАН, што працэдуры ўнутранага адбору няма ні ў Працоўным кодэксе Літвы, ні ў статуце ЕГУ. Працоўны кодэкс Літвы таксама забараняе звальняць прадстаўнікоў прафсаюза, якія займаюць выбарныя пасады, да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў.

Канфлікт у ЕГУ паміж адміністрацыяй і сенатам ВНУ, звязаны з правядзеннем рэформы прафесарска-выкладчыцкага складу універсітэта, цягнецца з сярэдзіны студзеня 2014 года.

Фота — n-europe.eu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі