Праект рэканструкцыі “Дынама”, за які заплацілі $40 тыс, застаўся малюнкам?

Рэканструкцыя “Дынама” ператвараецца ў сапраўдны серыял-эпапею. Нагадаем, што мінулай восенню прэзідэнт загадаў у двухгадовы тэрмін пераўтварыць арэну ў сучасны стадыён на 40 тысяч месцаў. Да гэтага арэну ўзяліся рабіць венгры, якіх у выніку са скандалам адправілі. Узімку ў конкурсе дызайн-праектаў перамаглі немцы. “Дынама” пачалі разбіраць.

За дызайн-праект выгляду стадыёна немцам заплацілі $40 тыс. долараў. За другое і трэцяе месца ― яшчэ $30 тыс...

І вось у сярэдзіне жніўня на нарадзе, прысвечанай фізкультурна-спартоваму таварыству “Дынама”, кіраўнік краіны агучыў новыя грандыёзныя планы наконт… лёгкаатлетычнага стадыёна замест футбольнага.

“Гэта можа быць класны лёгкаатлетычны стадыён. Ад гэтага нікуды не дзенешся, лёгкая атлетыка ― медальны від, — выказаўся Лукашэнка. ― Аказваецца, за грошы, на якія мы хацелі знесці “Дынама” і ўзнавіць, мы можам яго аднавіць і новы збудаваць”.

Наконт пабудовы футбольнага стадыёна Аляксандр Лукашэнка прапанаваў арганізаваць яго на базе сталічнага “Трактара” ці проста на пустым месцы. Арэна, на думку кіраўніка краіны, павінна змяшчаць ад 28 да 35 тысяч гледачоў.

Беларускія чыноўнікі, што тычыцца стадыёна “Дынама”, выдавалі цэлую чараду ідэяў, якія ў выніку не ажыццяўляліся. Таму цікавімся ў кампетэнтных крыніц, якія пераўтварэнні адбываюцца на галоўных мінскіх стадыёнах цяпер.

Аказалася, што дырэктар “Дынама” Юрый Крывадубскі напярэдадні жнівеньскай нарады змяніў працу і пайшоў у структуру ФК “Мінск”. Яго на пасадзе змяніў Алег Курчэўскі, былы дырэктар сталічнага Лядовага палаца.

“Па пытанні рэканструкцыі я вам не магу даць дакладны адказ, ― тлумачыць Еўрарадыё новы дырэктар. ― Але былі перадумовы, што гэта будзе комплексны спартовы аб’ект, на якім можна будзе праводзіць спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. На гэта, магчыма, будзе рабіцца ўпор”.

На стадыёне “Трактар” лічаныя дні таму таксама змянілася кіраўніцтва. Цяпер аб’ектам ніхто не кіруе, яго лёс, па словах шараговых супрацоўнікаў, вырашыцца днямі на нарадзе ў Мінгарвыканкаме.

Стадыён "Трактар". Фота news.21.by

“Ведаю, што 25% на “Трактары” была доля дзяржавы. 75% ― бізнесмена Раманава, ― распавядае вядомы футбольны спецыяліст Людас Румбуціс, які кіраваў клубам “Партызан”, што гуляў на “Трактары”, пакуль названы бізнесмен выдаткоўваў на гэта грошы. ― А наконт рэканструкцыі нічога не ведаю, сам учора прачытаў, што нешта там будзе рабіцца. Хто гаспадар, хто што пераймаў ― мне невядома”.

Літоўскі бізнесмен Уладзімір Раманаў, пра якога вядзецца гутарка, быў уладальнікам літоўскага Ūkio bankas і ўклаў у футбольны клуб “Партызан” і стадыён “Трактар” дзясяткі мільёнаў долараў. На месцы аб’екта павінен быў паўстаць спартовы комплекс і жылыя дамы. Праект ацэньваўся ў 250 мільёнаў долараў. Але Раманаў з беларускім бокам так і не дамовіўся, махнуў на страчаныя ў нас грошы рукой і перастаў цікавіцца Беларуссю.

Кіраўнікі новага DJ-bar Shelter, які знаходзіцца на стадыёне “Трактар”, падзяліліся з Еўрарадыё, што самі чакаюць рашэнняў наконт рэканструкцыі. Можа ж стацца і так, што нядаўна адкрытую забаўляльную ўстанову давядзецца спешна замыкаць і несці шалёныя страты.

Нягледзячы на новую завіруху з рэканструкцыяй стадыёнаў, у Камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама пра новыя планы (калі яны і былі абвешчаны ўсур’ёз) пакуль нічога не ведаюць. Але падкрэсліваюць, што нямецкі праект рэканструкцыі “Дынама” ў сучасны футбольны стадыён быў усяго толькі дызайн-праектам, які далей за малюнак пакуль не пайшоў.

“Нейкіх зменаў у Камітэт не паступала. Афіцыйна ніякай інфармацыі не было, ― паведамляе Еўрарадыё намеснік начальніка Уладзімір Куршын. ― Я выконваў абавязкі старшыні два тыдні, і толькі чуткі былі. Магчыма, нешта прынята, але да нас яшчэ не дайшло”.

Еўрарадыё: Можа быць, нешта вядома наконт рэканструкцыі стадыёна “Трактар”?

Уладзімір Крушын: “Пакуль нічога невядома. Рашэнне прымаем не мы. Будзе нам даручэнне ― зразумела, мы ўсё разгледзім і будзем працаваць”. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі