"Прафесію доктара не пакіну": што кажуць адлічаныя студэнты медуніверсітэта
Студэнты БДМУ на акцыі пратэсту / REUTERS — VASILY FEDOSENKO
Кіраўніцтва БДМУ 28 кастрычніка "адным махам" адлічыла два дзясяткі студэнтаў. Прычына — не дрэнная паспяховасць або частыя прагулы, а ўдзел у акцыях пратэсту.
Еўрарадыё паразмаўляла са студэнтамі, якія мараць стаць дактарамі і якіх пазбавілі магчымасці атрымаць прафесію праз грамадзянскую пазіцыю.
З першага курса ў бальніцы
Паліна вучылася на трэцім курсе лячэбнага факультэта. Як пазначана ў дакументах на адлічэнне, прычынай сталі "пропуск заняткаў па няўважлівай прычыне ў панядзелак і грубае парушэнне правілаў унутранага распарадку". Пад апошнім маецца на ўвазе тое, што Паліна сядзела ў холе з групай студэнтаў у пазавучэбны час.
— Рэч толькі ў акцыях, так, паколькі да таго, як мне далі загад, в. а. дэкана паведаміў мне пра тое, што ў мяне добрая паспяховасць і няма пропускаў, пасля чаго паклаў на стол загад аб адлічэнні. Калі чалавек захоча, то заўсёды знойдзе, да чаго прычапіцца, але наконт паспяховасці нічога не гаварылі, — расказвае Паліна.
Дзяўчына кажа, што яе, як і іншых адлічаных хлопцаў і дзяўчат, падтрымліваюць выкладчыкі. Сваякі ж паставіліся неадназначна.
— Сваякі падзяліліся на два флангі: хтосьці адчувае гонар, а хтосьці неразуменне і злосць — я разумею ўсе гэтыя эмоцыі. Упэўнена, тыя, хто адчувае на цяперашні момант неразуменне, у глыбіні душы разумеюць, што цяпер важней: захаваць гонар і годнасць ці месца.
Пра планы Паліне гаварыць складана. Яна ўпэўненая, што зможа знайсці іншае месца вучобы, але падкрэслівае: працаваць доктарам хоча менавіта ў родным горадзе — Мінску. Дарэчы, ужо з першага курса студэнтка дзяжурыла ў бальніцах, афіцыйна працавала санітаркай аперацыйнага блока.
— Я той чалавек, які ні разу не расчараваўся ў сваім выбары, усёй душой люблю медыцыну, нягледзячы на цяжкасці. Медыцына для мяне — сфера для душы. Увесь рамантызм вычарпаўся яшчэ на першым курсе, хоць усё ж часам я магу яго назіраць. Тут мне добра. Калі я даведваюся нешта новае, атрымліваю свае эндарфіны. Не хачу гучных слоў пра тое, што гэта мара, пакліканне і да таго падобнае, каб не ўносіць смуту і не моцна эмацыянаваць, — дадае Паліна.
Магчымасць вучобы за мяжой Паліна разглядае, але пакуль, прызнаецца, маральна не гатовая. Хоць іншага выбару ў яе няма.
— Прафесію доктара я не пакіну.
Адлічаны за акцыю, на якой не быў
Студэнт трэцяга курса педыятрычнага факультэта Марк сваіх поглядаў не хаваў: яшчэ ў пачатку верасня вахцёр адмаўлялася пускаць яго ў навучальны корпус праз (!) бел-чырвона-белую стужку на заплечніку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.