Прагматызм з клюшкай у руках

Прагматызм з клюшкай у руках

Брытанскі міністр па справах Еўропы і Амерыкі сэр Алан Данкан сустрэўся ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Макеем. Ацэньваючы вынікі гэтай сустрэчы, дыпламат быў звышдыпламатычны:

“Толькі што я сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, а напярэдадні меў размову з міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеем. Абедзьве сустрэчы былі вельмі канструктыўныя. У стасунках Беларусі і Вялікабрытаніі пачынаецца новы этап. У нас было 25 добрых гадоў — а зараз будзе 25 яшчэ лепшых”.

За 25 гадоў у дыпламатычных стасунках Вялікабрытаніі і Беларусі было ўсякае. Напрыклад, Лондан падтрымаў візавыя і эканамічныя санкцыі, якім Еўрасаюз абклаў Беларусь у 2011 годзе. Пра тое, наколькі цёплымі былі адносіны паміж нашымі краінамі, добра кажа і той факт, што сэр Алан Данкан — увогуле першы брытанскі міністр, які наведаў Беларусь з моманту атрымання ёю незалежнасці. Так што часам ветлівыя словы дыпламатаў — гэта не больш, чым проста словы. 

А вось беларускія ўлады ўскладаюць на сэра Данкана і Вялікабрытанію сур’ёзныя надзеі. Лукашэнка папрасіў у замежнага госця грошай — але не ў выглядзе крэдытаў, а ў самай зручнай і карыснай для Беларусі форме — у выглядзе інвестыцый:

“Давайце скажам па-народнаму, проста: у Вялікабрытаніі маса свабодных грошай, якія павінны быць ўкладзеныя ў справу. Мы створым самыя зручныя і выгадныя ўмовы для бізнесу і пабудуем 2-3 сумесныя прадпрыемствы, якія будуць працаваць на дзве краіны”.

Рэпліка Аляксандра Лукашэнкі да сэра Алана Данкана. Відэа: БелТА.

Што адказаў на гэта брытанскі міністр па справах Еўропы і Амерыкі — засталося за кадрам, але ў аратарскіх здольнасцях сэра Алана Данкана сумнявацца не трэба. 60-гадовы дыпламат здолеў праглынуць з добрай мінай нават абяцанне Лукашэнкі навучыць яго гуляць у хакей. Вельмі абцякальна сэр Данкан адказваў і на пытанні журналістаў. Вось што, напрыклад, мы пачулі ад яго, калі запыталіся, ці ў Еўропе ён сябе зараз адчувае, і дзе ўвогуле, на яго думку, праходзіць усходняя мяжа Еўропы:

“Мы падтрымліваем цэласнасць Украіны і ясна заяўляем, што лічым дзеянні Расіі памылкай. Цэласнасць Украіны — гэта тое, што мы заўжды будзем абараняць. Наконт таго, што мы пакідаем Еўрапейскі Саюз… Вялікабрытанія застаецца ў Еўропе. Мы захаваем шырокую прысутнасць у еўрапейскім гандлі, а ў гэтай частцы свету — для абароны і бяспекі”.

Такі адказ яшчэ раз даказвае: еўрапейскім дыпламатам зараз не да Беларусі. Нямеччына і Францыя разбіраюцца ва ўнутранай палітыцы. У Вялікабрытаніі галава баліць пра тое, як не пераплаціць за Brexit, а калі гаворка заходзіць пра знешнюю палітыку, дык актуальнымі пытаннямі з’яўляюцца ўцекачы з Блізкага Усходу і наша суседка Украіна.

А ў дачыненні да Беларусі пануе здаровы прагматызм. Just business — nothing personal. Вось толькі такі падыход лёгка можа прывесці да таго, што на карысць цішыні і спакою, якія так падабаюцца грошам, Еўропа пачне заплючшваць вочы на пытанні правоў чалавека.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі