Прахадныя балы чыноўнікаў: У Лукашэнкі 211, у міністра адукацыі — 142
Каб паступіць туды, дзе вучыўся прэм’ер Мясніковіч трэба мець 164 балы з трох тэстаў і атэстата, а на факультэт кіраўніка Мінска Ладуцькі — 238 балаў.
“У студэнтаў ёсць уяўленне пра спецыяльнасць, калі яны да нас прыходзяць, але не магу сказаць, што вельмі канкрэтнае. Да нас ідуць дзеці, якія любяць геаграфію, літаратуру”, — расказваюць пра новых студэнтаў на гістфаку Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова. 40 гадоў таму гэты факультэт скончыў кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка.
На факультэце з гэтай нагоды вісіць вялікі стэнд, каб студэнты не забывалі.
“Гэта складана не заўважыць, у нас вялікі стэнд вісіць, дзе гэта напісана. Ёсць яшчэ адзін стэнд, які ўвесь час абнаўляецца, там таксама прадстаўнікі міністэрства адукацыі, якія скончылі наш універсітэт. Моладзі хапае, якая нядаўна скончыла факультэт. Шмат нашых выпускнікоў у Магілёўскім гарвыканкаме”, — расказваюць Еўрарадыё пра пераемнасць у альма матэр кіраўніка краіны.
Сёлета, каб паступіць на спецыяльнасць Аляксандра Лукашэнкі, трэба было набраць 211 балаў. Анастасія з Магілёва паступае на гістфак з 240 баламі, але пра кар’еру палітыка пакуль не думае.
“Напэўна, буду выкладчыкам, але там яшчэ апроч гісторыі, грамадазнаўства, так што, можна будзе ў міліцыю пайсці, пакуль яшчэ не ведаю”, — апісвае будучыню студэнтка.
У сельскагаспадарчай акадэміі, дзе Аляксандр Лукашэнка атрымаў адукацыю эканаміста, прахадны на асноўным наборы на яго спецыяльнасць сёлета вышэйшы за 200 балаў. Па гэтай спецыяльнасці таксама правялі дадатковы набор, бо не змаглі набраць дастаткова студэнтаў.
На факультэт інжынерных сістэм і экалогіі Брэсцкага тэхналагічнага, дзе атрымаў адукацыю прэм’ер Мясніковіч сёлета бяруць на бюджэт са 164 баламі. Другая асоба краіны свой універсітэт не забывае.
“Нядаўна была сустрэча з ім, прыязджаў ва ўніверсітэт, мы размаўлялі. Краіна не можа абысціся без нашых спецыялістаў. Але трэба рабіць, каб спецыяльнасць інжынера была папулярная. А цяпер жа хочуць, каб лёгка было вучыцца і пасля лёгка працаваць і шмат зарабляць. Вось, зараз Расія спахвацілася, што няма спецыялістаў”, — тлумачаць на факультэце. І прыгадваюць, што прэм’ер заканчваў універсітэт па спецыяльнасці “Ачыстка прыродных і сцёкавых водаў”.
Міхаіл Мясніковіч
238 балаў з трох тэстаў і атэстата трэба, каб вучыцца на будаўнічым факультэце БНТУ, які заканчваў кіраўнік Мінска Мікалай Ладуцька. Сёлета яго рэкламавалі, каб завабіць абітурыентаў, прызнаюцца на факультэце.
“У роліку пра факультэт мы кажам пра нашых вядомых выпускнікоў. Але з гэтага года, бо спужаліся недабору. Апошнія гады ў нас больш абіраюць спецыяльнасць бацькі, а не абітурыенты. Дакументы падаюць сем’ямі і бывае да скандалаў даходзіць”, — кажуць на факультэце, які апроч мэра Мінска скончыў рэктар БНТУ, а таксама некалькі сённяшніх дыпламатаў і супрацоўнікаў Міністэрства замежных спраў.
Мікалай Ладуцька
Па іроніі, адзін з самых нізкіх прахадных балаў на спецыяльнасці міністра адукацыі Сяргея Маскевіча. Усяго 142 балы трэба, каб вывучыцца на фізіка ў Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы.
Сяргей Маскевіч
А адзін з самых высокіх балаў у міністра аховы здароўя Васіля Жарко. Каб вывучыцца на педыятра ў медыцынскім універсітэце ў Мінску трэба мець 303 балы з 400 магчымых.
Васіль Жарко
Фота: medvestnik.by , migom.by , news.mail.ru , belarus-news.eu