Праход на фінал ЧС па хакеі ― 450$. Усе гульні беларусаў у групе ― 750$
Квіткі на чэмпіянат свету па хакеі ўжо “распрададзеныя”. Еўрарадыё высвятляла, як можна трапіць на цікавыя беларусам матчы іншымі шляхамі.
Простыя заўзятары, якія не кінуліся купляць квіткі на хатні чэмпіянат па хакеі ў першы ж дзень, засталіся з дуляй. Ухапіць жаданыя праходкі змаглі толькі тыя, хто ў першы ж дзень атакаваў білетныя касы, як абменнікі падчас крызісу 2011 года.
А сёння, калі верыць білетнаму аператару Ticketpro, няма квіткоў ні на фінал, ні на гульні групавой стадыі з удзелам зборнай Беларусі. Раскуплены нават абанементы, што ўключаюць гульні нашай зборнай плюс чвэрцьфінал, паўфінал і фінал (каштавалі ад 2 да 13,8 мільёна рублёў).
Для простых смяротных на раніцу чацвярга 28 лістапада засталіся толькі цікеты на матч з Казахстанам (за 416 тысяч рублёў).
“Засталіся і на паўфінал. Добрыя, непадалёк ад цэнтра. За 1430000, 1950000 і 1690000 рублёў”, ― паведамляе супрацоўніца білетнага аператара.
Але хто трапіць у чвэрцьфіналы і паўфіналы і ў якіх парах згуляе ваша каманда ― таямніца. Таму і квіткі дзе-нідзе на гэтую турнірную стадыю засталіся.
Збоку ўвесь гэты білетны ажыятаж выглядае падазроным. Канкрэтных лічбаў па выдзеленых квітках таксама не прадастаўляюць.
“Такога, што іншаземцам дасталася больш білетаў, чым беларусам, няма, ― сцвярджае Еўрарадыё менеджар па білетнай праграме чэмпіяната свету-2014 Антон Кузьміч. ― Квіткі, хутчэй за ўсё, былі хутка раскуплены. Таксама частка білетаў была аддадзена тураператару ― “Цэнтркурорту”. Але калі тыя квіткі застануцца, яны вернуцца на рэалізацыю да білетнага аператара. Многія людзі, калі меркаваць па каментарах у інтэрнэце, купілі квіткі, але, відаць, не ўсім дасталася. Час, калі стартаваў продаж квіткоў, быў вядомы з дакладнасцю да гадзіны. У касах былі чэргі, людзі куплялі…”
Калі ўжо набыць квіткі на матчы зборнай Беларусі і фінал звычайнымі метадамі немагчыма, звяртаемся ў адно з прадстаўніцтваў “Цэнтркурорта” ў якасці турыстаў. Просімся ў складзе групы з васьмі чалавек у Мінск на сем матчаў зборнай Беларусі ў межах групавой стадыі.
Заяўляем самыя бюджэтныя месцы дзе-небудзь за варотамі і самае таннае размяшчэнне у фан-вёсцы, куды пасля чэмпіянату пераселяцца звычайныя студэнты.
“Вось у мяне атрымалася ― 5979$ на васьмярых. Сюды будуць уключаны квіткі на матчы, размяшчэнне, праязныя і нейкія сувеніры”, ― падлічыла супрацоўніца “Цэнтркурорта”.
То бок атрымліваецца прыкладна 750$ на чалавека. І гэта самы танны варыянт, без даезду да Мінска, харчавання і ўсялякіх забаваў.
Просім арганізаваць для нас такі самы бюджэтны пакет, але на чвэрцьфінал, паўфінал і фінал.
“Атрымліваецца 7031$ за ўсю групу”, ― скончыла падлікі аператарка.
На аднаго чалавека атрымалася каля 880 долараў. І гэта самыя ніжнія месцы за варотамі. І невядома, хто канкрэтна будзе гуляць у гэтых матчах. Сумы хапіла б, да прыкладу, каб пераляцець з Мінска ў Рыа-дэ-Жанейра на добрых авіялініях.
Намякаем, што наша сярэдняя зарплата ― 500$. Таму просім супрацоўніцу “Цэнтркурорта” падабраць пакетную прапанову на фінал. Праўда, замаўляем больш-менш добрыя месцы і трохзоркавы гатэль.
Аператарка знайшла для нас месца ў сектары М (не самы выгадны для прагляду варыянт, але лепшы, чым за варотамі). З размяшчэннем у гатэлі “Спадарожнік” атрымалася 3638$ на групу. То бок на аднаго чалавека ― каля 450$.
“Такія пакеты купляюць не толькі замежнікі. Беларусы таксама не адстаюць. Калі яшчэ будзе такая магчымасць паглядзець чэмпіянат у сябе дома!” ― развіталася з намі аператарка “Цэнтркурорта”.
Для многіх беларусаў названыя сумы ― раскоша. Але ў кожным разе ніхто не застанецца ў пралёце. Можна будзе глядзець матчы па ТБ і любавацца на вуліцах Мінска зубром Валерам ― сімвалам чэмпіяната свету-2014.