Пракуратура прызнала парушэнні ў Ельскім ізалятары
Зміцер Крамянецкі і Мікалай Дземідзенка адбывалі арышт у нечалавечых умовах: спалі па чарзе на ложку побач з "ачком".
"Умовы былі, мякка кажучы, не вельмі. Амаль па ўсіх пунктах маёй скаргі пракуратура прызнала парушэнні", — кажа Зміцер.
У камеры памерам 2 на 2 метры, разлічанай на двух чалавек, яны сядзелі ўтрох. Зміцер разам з Мікалаем Дземідзенкам былі затрыманыя на мяжы з Украінай. Атрымалі арышт 10 сутак, а ў камеры сядзелі з крымінальнікам.
"Адразу заходзіш у камеру, злева — туалет, справа — невялікі столік, проста — двух’ярусныя нары. Больш нічога".
Ад уваходу да нараў два крокі. За 10 сутак ні разу не мелі магчымасці памыцца, бо проста няма дзе. Як жа жылі ўтраіх у "двухпакаёвым нумары"?
"Ну мы з Дземідзенкам спалі ўдваіх наверсе. Часам па чарзе, часам так, на бачку".
І так усе дзесяць сутак. Кармілі ў ізалятары толькі адзін раз на дзень у абед.
"Давалі гарбату незавараную, а раніцай і ўвечары давалі кіпень. Толькі ў абед прывозілі нейкі суп, кашу і катлету".
За гэтыя выгоды давялося заплаціць палову базавай, на той час 65 тысяч рублёў, за суткі. І гэта толькі за харчаванне. Астатняе нібы бясплатна. За такія грошы можна паабедаць амаль у любой кавярні ў цэнтры Мінска.
Наконт таго, што ў камеры туалет побач з ложкам не агароджаны і гарачай вады няма, можна і не казаць. Дзённага святла таксама не было. Маленькае акенца, наглуха зачыненае кратамі, яго проста не прапускала.
"Адрозніць, ноч ці дзень на вуліцы, з камеры было немагчыма".
Цяпер Зміцер хоча адсудзіць маральную кампенсацыю у 10 мільёнаў рублёў. Пракуратура парушэнні ўжо прызнала. Праўда, Мінфін, да якога выстаўленыя грашовыя прэтэнзіі, усё валіць на МУС. Хто вінаваты, вырашаць суду.
"Але грошы — гэта так... другасна. Найперш я хачу адстойваць свае правы. Я чалавек, я быў асуджаны, іншая справа, законна ці незаконна, на адміністрацыйны арышт, але не на ўтрыманне ў нечалавечых умовах. І цяпер там людзі сядзяць у такіх жа ўмовах".
Ведаючы ўмовы, звычайна такіх доўгіх тэрмінаў у Ельску не даюць. Таму супрацоўнікаў ізалятараў гэта вельмі здзівіла.
"Сам кіраўнік ізалятара спрабаваў нейкім чынам спрыяць. Але калі ўмовы кепскія, то нічога не зробіш", — кажа праваабаронца Наста Лойка.
І такая сітуацыя не толькі ў Ельску, але і ў іншых рэгіёнах. У Мінску трохі лепш, але таксама ёсць парушэнні.
"У Беларусі 126 ізалятараў. Яны ўсе маюць парушэнні па ўмовах утрымання. Я не магу назваць ніводнага, дзе б цалкам выконваліся нормы, якія прапісаныя нават у беларускіх нарматыўна-прававых актах, не кажучы пра міжнародныя. Нельга сказаць, што гэта віна саміх супрацоўнікаў. Тое, што ад іх залежыць, мне падаецца, яны робяць. Але праблема ў фінансаванні, бо сродкаў на рамонт не даюць".
Раней праваабаронцы таксама пісалі скаргі на ўмовы ўтрымання. Але яны перасылаліся ў сам ізалятар, адкуль прыходзіў адказ, што робіцца ўсё, каб палепшыць. Цяпер жа парушэнні прызнала пракуратура.
Фота: vetka.by