Пракуратура знайшла ў інтэрнэт-кнігарнях "экстрэмізм"
Вокладка кнігі Анатоля Тараса "Старонкі мінулага: артыкулы па гісторыі Беларусі"
Пракуратура Ленінскага раёна Мінска знайшла "экстрэмізм" у інтэрнэт-кнігарнях, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.
У прыватнасці, у адной буйной інтэрнэт-краме пакупнікам прапаноўваліся юдафобскае выданне А. Платонава "Загадка сіёнскіх пратаколаў" і зборнік папулярызатарскіх артыкулаў па гісторыі А. Тараса "Старонкі мінулага: артыкулы па гісторыі Беларусі". Абедзве кнігі былі былі праз суды прызнаныя экстрэмісцкімі і ўзнесены ў адпаведны спіс.
У іншай інтэрнэт-кнігарні пракурорскія работнікі выявілі выданне А. Бялова "Вялес — Бог русаў. Невядомая гісторыя рускага народа". Гэтая кніга таксама ўключаная ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў праз рашэнне суда Маскоўскага раёна Брэста.
Пасля заўваг пракуратуры выданні былі прыбраныя са старонак інтэрнэт-кнігарняў.
У Беларусі экстрэмісцкімі суды прызнаюць не толькі, напрыклад, юдафобскія выданні, але і выданні па гісторыі Беларусі, калі яны "дыскрэдытуюць і ачарняюць савецкую ўладу і савецкае мінулае Беларусі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.