У Беларусі прызналі "экстрэмісцкімі" 12 нумароў гістарычных часопісаў
Навукова-папулярны часопіс "Наша гісторыя" / https://www.facebook.com/naszahistoryja/
У Беларусі прызналі "экстрэмісцкімі" 12 нумароў гістарычных часопісаў за 2018-2020 гады: 9 — "Нашай гісторыі" і 3 — "Arche". Такое рашэнне 6 сакавіка прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска. Ім жа ў "чорны спіс" трапіла і "Апошняя кнiга пана А" Альгерда Бахарэвіча, якая выйшла ў 2020 годзе. "Экстрэмісцкім" прызнаны і каляндар "Не маўчы па-беларуску 2021 з малюнкамі і словамі".
У "Нашай гісторыі" суд пабачыў ідэі, "якія дыскрэдытуюць і ачарняюць савецкую ўладу і савецкае мінулае Беларусі". Знайшоў і "прапаганду пратэсных ідэй". Суддзёй была Вольга Манкевіч.
"Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў" рэгулярна папаўняе Міністэрства інфармацыі РБ. Летась у яго трапілі: кніга Віктара Ляхора "Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры", зборнік Змітра Лукашука і Максіма Гарунова "Беларуская нацыянальная ідэя", раман Альгерда Бахарэвіча "Сабакі Еўропы", кніга Анатоля Тараса "Кароткі курс гісторыі Беларусі IX — XXI стст.", манаграфія Святланы Казловай "Аграрная палiтыка нацыстаў у Заходняй Беларусi: Планаванне. Забеспячэнне. Ажыццяўленне", кніга Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава "Айчына: Маляўнiчая гiсторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкi" (2016-га года выдання), кніга Іосіфа Бродскага "Балада пра маленькi буксiр" (у 2022-м яна выйшла ў выдавецтве "Янушкевіч").
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.