Пракурор Віцебскай вобласці прапанаваў аднавіць "раскулачванне"
А менавіта — канфіскацыю маёмасці людзей, якія не могуць патлумачыць, за якія грошы купілі дарагія дамы і машыны.
Такая прапанова была агучаная падчас паседжання "круглага стала" ў пракуратуры Віцебскай вобласці. На ім пракуроры разам з бізнэсменамі, дырэктарамі і чыноўнікамі шукалі сумесныя шляхі барацьбы супраць карупцыі. У вобласці колькасць выяўленых падобных злачынстваў расце трэці год запар. За чатыры месяцы 2013 года на Віцебшчыне было выяўлена амаль паўтары сотні злачынстваў карупцыйнай скіраванасці (пераважна — хабары).
"Ежедневник" адзначае, што прапанова пракурора супярэчыць прэзумпцыі невінаватасці, у адпаведнасці з якой чалавек не павінен даказваць, што ён не злачынца. Менавіта па такім прынцыпе ў сталінскія часы ў СССР ішло "раскулачванне" сялян, калі для канфіскацыі маёмасці было дастаткова факта, што чалавек жыве лепш за іншых.
Фота — memory.gov.ua