Прапагандысты апублікавалі відэа з затрыманым "дыверсантам": "Падарваў самалёт"

Затрыманы сказаў, што ён — украінскі грамадзянін / Скрыншот з відэа
Затрыманы сказаў, што ён — украінскі грамадзянін / Скрыншот з відэа

Беларускія дзяржаўныя прапагандысты апублікавалі відэа з затрыманым "дыверсантам". На ім мужчына назваўся ўкраінскім грамадзянінам Мікалаем Швецам, які прыехаў у РБ праз Расію. Яму 29 гадоў. У канцы лютага арыенціроўкі на Швеца распаўсюджвалі беларускія сілавікі.

На відэа мужчына кажа, што "падарваў самалёт на аэрадроме ў Мачулішчах 26 лютага з дапамогай двух дронаў". Таксама ён прызнаецца, што "працаваў з СБУ". Было паказанае і відэа яго затрымання ў прыватным доме байцамі спецпадраздзялення "А" КДБ.

У аўторак Аляксандр Лукашэнка зрабіў заяву пра дачыненне Украіны да дыверсіі ў Мачулішчах пад Мінскам і пра затрыманне "ўкраінскага тэрарыста", а таксама яго мясцовых памочнікаў. Кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў у чарговы раз сказаў, што дыверсію здзейснілі "ўдзельнікі плана "Перамога", беларускія партызаны", якія ўжо з'ехалі з Беларусі. Ён лічыць, што сілавікі Лукашэнкі затрымліваюць людзей, якія не маюць дачынення да згаданай акцыі. BYPOL Мікалая Швеца не ведае.

У Офісе прэзідэнта Украіны заявілі, што ў Мачулішчах адбыўся "антытэрарыстычны акт, здзейснены, дарэчы, мясцовымі партызанамі". У Службе бяспекі Украіны сказалі, што не будуць каментаваць "словы чалавека, які называе сябе прэзідэнтам Беларусі" і паабяцалі "дэтальна пагаварыць пасля нашай перамогі".

BYPOL сцвярджае, што раніцай 26 лютага на аэрадроме ў Мачулішчах беларускімі партызанамі з дапамогай двух дронаў і выбухоўкі быў пашкоджаны расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50 (па словах Лукашэнкі, на ім "драпіны і адна прабоіна").

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі