Прапара, які забраў картку Коржыча, не вінавацяць у давядзенні да самагубства
Артур Вірбал. Фота з сацсетак
Следчы камітэт абвясціў, што папярэдняе расследаванне смерці ў Печах радавога Аляксандра Коржыча скончанае. Траіх сяржантаў з вайсковай часці, дзе служыў 21-гадовы пінчук, абвінавачваюць у тым, што давялі яго да самагубства.
Чаму Вірбала няма сярод абвінавачаных у давядзенні да суіцыду?
"Расследаванне крымінальных спраў у дачыненні да яшчэ 12 чалавек працягваецца. Сярод іх ёсць і абвінавачаныя, і падазраваныя. Усе яны не знаходзяцца ў прычынна-следчай сувязі са здарэннем – з гібеллю Коржыча, – адказаў Еўрарадыё на гэтае пытанне афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч. – Дадатковая прававая ацэнка дзеянням службовых асобаў будзе дадзеная – паўтаруся, яшчэ расследуюцца крымінальныя справы".
Інакш кажучы, следства прыйшло да высновы, што адабраная ў Коржыча картка ніяк не паўплывала на яго намер звесці рахункі з жыццём.
3 кастрычніка 2017 года 21-гадовы пінчук Аляксандр Коржыч быў знойдзены ў пятлі. І ў СК, і ў кіраўніцтве беларускім войскам неаднаразова сцвярджалі, што салдат тэрміновай службы, знойдзены са звязанымі нагамі і майкай на галаве, скончыў жыццё самагубствам. З гэтай пазіцыяй не была згодная мама загінулага салдата Святлана Коржыч – яна настойвала і працягвае настойваць, што яе сына забілі. Святлана Мікалаеўна гатовая дазволіць эксгумацыю цела хлопца, каб правесці паўторную экспертызу.
Абвінавачванне траім сяржантам выстаўленае не па артыкуле 145 Крымінальнага кодэкса "Давядзенне да самагубства", а па ч.3 артыкула 455 КК "Злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады або бяздзейнасць улады". Як патлумачыў Сяргей Кабаковіч, юрыдычная практыка склалася такім чынам, што першы артыкул часцей ужываецца ў дачыненні да бытавых злачынстваў. А калі ў давядзенні да самагубства абвінавачваюць службовых асобаў, артыкул 145 "паглынаецца" артыкулам 455.