Прапаршчыку з жодзінскай турмы далі 6 гадоў за самагубства вязня
Як даведалася Еўрарадыё, памерлы быў майстрам спорту па тайскім боксе. Яго бацька — уплывовы спартовы функцыянер.
Два месяцы таму суд Бярэзінскага раёна асудзіў кантралёра жодзінскай турмы за “давядзенне да самагубства” і “перавышэнне службовых абавязкаў”. Далі шэсць гадоў калоніі.
Сам працэс і артыкул, па якім судзілі міліцыянера, — даволі рэдкі для Беларусі выпадак.
Раней у СМІ з’яўляліся гісторыі пра гібель вязняў. Судмедэксперты знаходзілі на целах ахвяр шматлікія гематомы і нават пераломы костак. Але супрацоўнікаў СІЗА да адказнасці ніхто не прыцягваў.
У дадзеным выпадку чалавек сышоў з жыцця сам. Але кантралёра пасадзілі. Скандальнасці дадае тое, што бацька загінулага апынуўся ўплывовым спартовым функцыянерам.
Трагедыя ў турме
Надзвычайнае здарэнне ў карцары “Турмы №8” Жодзіна адбылося ў лістападзе 2013 года. Арцём Карповіч трапіў сюды пасля бойкі ў сталічным метро на станцыі “Інстытут культуры”. Пасядзеўшы ў звычайнай камеры, вязень быў пераведзены ў карцар за парушэнне рэжыму. І там, па звестках супрацоўнікаў турмы, Арцём не жадаў падпарадкоўвацца правілам. На гэтай глебе ў яго здарыўся канфлікт з прапаршчыкам Аляксандрам Паташовым, старшым па корпусе дзяжурнай службы. Аднойчы па вязні прайшліся гумовым дручком.
Праз некалькі дзён, калі прапаршчык зноў заступіў на дзяжурства, здарыўся чарговы канфлікт. Згодна з матэрыяламі справы, Арцём Карповіч не выцер з падлогі ваду і не надзеў так званую карцарную робу. Паташоў загадаў выправіць недахопы і вярнуўся ў камеру праз пэўны час. Вязень зноў не падпарадкаваўся. Як сказана ў пастанове суда, Паташоў мусіў скласці рапарт на імя начальніка турмы, а замест гэтага нанёс Карповічу 10 удараў рукамі і гумовым дручком “ПР-96T”. Вязень такімі дзеяннямі, як сказана ў судовай пастанове, быў даведзены да адчаю і скончыў жыццё самагубствам, павесіўшыся на рукаве робы.
Іншыя зняволеныя, якія сядзелі па карцарах ў момант трагедыі, выступалі на судзе ў якасці сведак. Яны быццам бы чулі гукі ўдараў і словы “Калі не будзе прыбрана, вешайся”.
Сам кантралёр паведаміў суду, што Карповіч уступаў з ім у спрэчкі і з задзірлівым выглядам адмаўляўся выконваць загад. У адзін момант, па паказаннях Паташова, вязень ускочыў і зрабіў рух, які кантралёр расцаніў як нападзенне. Таму ён і ўдарыў Карповіча. На гэта зняволены сказаў: “Не біце мяне, я ўсё зразумеў”. Але ў той жа час, як казаў Паташоў, адштурхоўваў яго і спрабаваў напасці. Прапаршчык зноў даў Карповічу час на тое, каб выцерці ваду. А зусім хутка даведаўся, што вязень нежывы. Іншыя турэмныя наглядчыкі пацвярджалі на судзе версію свайго калегі.
Спартсмен, з якім здарылася псіхічнае расстройства?
У пастанове суда сказана, што ўжо пасля смерці вязня эксперты выявілі ў яго… паранаідальную шызафрэнію. Але не далі дакладнага заключэння, што менавіта гэты фактар паўплываў на суіцыд.
Арцём Карповіч не быў актыўным карыстальнікам сацсетак. Але нам удалося нешта пра яго даведацца.
Хлопец не дажыў да 25-годдзя ўсяго месяцы з лішкам. Ён быў майстрам спорту па муай-тай і да пэўнай пары даволі паспяхова выступаў.
Спартсмены, з якімі ён трэніраваўся, на ўмовах ананімнасці пагадзіліся распавесці пра свайго таварыша.
“Ведалі яго доўга і з розных бакоў. Арцём быў рэальна харошым чалавекам. Толькі калі вып’е, мог пабуяніць, — пераконвае сябар Карповіча па трэніроўках. — Але ў апошнія паўтара года ён пачаў знікаць, у зале з’яўляўся ўсё радзей. Апошні раз я яго бачыў месяцы за два да смерці”.
Еўрарадыё: Абаронцы прапаршчыка Паташова кажуць, што ў момант пасадкі ў турму Арцём быў неадэкватны, да гэтага ён нібыта мог спажываць шкодныя рэчывы. Ці ведалі вы пра нешта такое?
“Хлопцы размаўлялі пра шкодныя рэчывы. Але гэта чуткі. Я нічога такога не заўважаў. Для мяне ён быў нармальным чалавекам. Апошнім часам мы маглі толькі перакінуцца парай слоўцаў пасля трэніроўкі. Смерць Арцёма ўсіх яго знаёмых шакавала. Як мне расказвалі, хлопец, з якім ён пабіўся ў метро, не напісаў заяву, а Арцёма ўсё адно павезлі ў турму. Хацелі павыхоўваць, ці што… Калі бацька забіраў рэчы, то там нібыта шмат чаго не было — тэлефона ці гадзінніка. Нешта такое казалі. Бацьку паведамілі пра смерць Арцёма таксама не адразу, яго смерць нібыта спачатку ўтойвалі…”
Жонка Паташова пра мужа: “Давесці яго да зрыву вельмі складана”
Аляксандру Паташову 34. Ён адпрацаваў турэмным наглядчыкам блізу 14 гадоў, быў прапаршчыкам. У сям’і гадуюцца дзве дачкі — шасці і дзевяці гадоў.
“Чакалі, што справу закрыюць, нават адвакат не адчуваў, што Сашу пасадзяць, ніякіх грунтоўных доказаў не было”, — лічыць Вольга, жонка Аляксандра Паташова.
Еўрарадыё: Ці ўпэўненыя вы на 100%, што муж невінаваты?
Вольга Паташова: “Так, бо ведаю, які ён чалавек. Давесці яго да зрыву вельмі складана. Я магу быць на мяжы, а ён спакойны. На дзяцей таксама ніколі не накрычыць. Да таго ж, у памерлага была псіхічная хвароба. І навошта ў такой сітуацыі пазбаўляць дваіх маленькіх дзяцей бацькі? Карповіч уявіў сябе важным чалавекам, імкнуўся стаць галоўным у турме, лічыў, што зможа парушаць рэжым і ўсіх кантралёраў пад сябе падагне. Падчас следства апытвалі сваякоў загінулага, тыя казалі, што апошнім часам ён сапраўды паводзіў сябе неадэкватна. Быў спакойны-спакойны, а потым мог рэзка выбухнуць”.
Еўрарадыё: Але віну Аляксандр часткова прызнаў…
Вольга Паташова: “Спачатку мы ўвогуле нічога не прызнавалі. Потым адвакат падказала, што ў справу ўцягнутыя сур’ёзныя людзі, і нічога зрабіць будзе немагчыма. Таму віну ў “перавышэнні службовых абавязкаў” прызналі часткова, што вязень на яго кінуўся, і Саша ўжыў меры фізічнага ўздзеяння. Што тычыцца давядзення да самагубства, то гэта для Беларусі адзінкавыя выпадкі за ўсю гісторыю. Тут трэба даказаць, што ты меў такі матыў, ледзьве не пятлю накінуў чалавеку на шыю. Але мужа ўсё адно прызналі вінаватым. Мы так і не зразумелі, чаму справу разглядалі ў Беразіно. Мінулі і Жодзіна, дзе гэта адбылося, і Барысаў, і Смалявічы. Запхнулі ў завуголлі, ціхенька правялі суд і ўсё шыкоўна”.
Сваякі Арцёма Карповіча не сталі абмяркоўваць з журналістам прысуд і ўвогуле весці хоць нейкія размовы.
Кампенсацыю сям’і загінулага сплаціла дзяржава
Першапачаткова пацярпелы бок запатрабаваў ад Паташова выплаты маральных стратаў — блізу 500 мільёнаў рублёў. Падчас суда сям’я пацярпелага сплаціла 25 мільёнаў. Потым лічбу ў 500 мільёнаў замянілі на 75. Выплаціць гэтыя грошы сям’і загінулага абавязалі Міністэрства фінансаў.
Ці справядліва пакаралі прапаршчыка Паташова?
Не ведаючы поўнай карціны, многія б ухвалілі асуджэнне турэмнага наглядчыка ў Беларусі.
Такую грамадскую думку сфармавалі гісторыі са смерцю іншых беларускіх вязняў, сваякі якіх не сталі маўчаць. У 2013 годзе у сталічным СІЗА на Валадарскага ад “сардэчнай недастатковасці” памёр Ігар Пцічкін. Сваякі выставілі ў СМІ фотаздымкі з пахавання. У прыватнасці, на баках тулава загінулага былі бачныя гематомы. Аднак следства ўстанавіла, што смерць была справакаваная так званым сіндромам адмены: нібыта Пцічкін спажываў "спайсы" і алкаголь, а на сардэчны прыступ паўплывала спыненне прыёму. Супрацоўнікі СІЗА аказаліся невінаватымі.
У мінскім СІЗА №1 пры няясных акалічнасцях сканаў хлопец (ФОТА)
У канцы 2000-х на ўсю краіну абмяркоўваўся выпадак, які здарыўся ў бабруйскім СІЗА. Гісторыя такая самая. Вязень нібыта памёр ад “сардэчнай недастатковасці”, якую таксама справакаваў “сіндром адмены”. "Спайсаў" у тую пару не было, Клімачова проста абвінавацілі ў алкагалізме. На целе трупа былі шакуючыя гематомы і пераломы костак.
"Былі мацюкі, удары па голым целе. Гэта невыносна было чуць..."
У выпадку са смерцю вязня ў жодзінскай “Турме №8” бацька памерлага аказаўся ўплывовым спартовым функцыянерам. Гэты факт, безумоўна, наштурхоўвае на пэўныя думкі. Ці асудзілі б Аляксандра Паташова, калі б пацярпелы не меў такога статусу?
***
Абарона асуджанага прапаршчыка настойвае на апраўданні Паташова. Прынамсі, па артыкуле “Давядзенне да самагубства”. Але касацыйная скарга, якую разглядалі ў Мінскім абласным судзе, плёну не дала. Прысуд пакінулі. Апошняя надзея сям’і Аляксандра Паташова — на Вярхоўны суд.