Прарэктар ЕГУ: Выкладчыцкая рэформа ладзіцца ў рамках законаў Літвы
З такой заявай выступіў прарэктар ЕГУ па развіцці і камунікацыі Дарус Удрыс.
Па яго словах, рэформа прафесарска-выкладчыцкага складу Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта праводзіцца ў сувязі з хуткай акрэдытацыяй ВНУ для паляпшэння ўмоваў працы выкладчыкаў. Прарэктар адзначыў, што рэформа адпавядае нормам Мінадукацыі Літвы.
Нагадаем, учора прадстаўнікі Сената ЕГУ заявілі, што адміністрацыя ўніверсітэта наўпрост умяшалася ў дзейнасць Сената і фактычна прысвоіла яго паўнамоцтвы. Старшыня Сената Павел Церашковіч у каментары Еўрарадыё адзначыў, што адміністрацыя ЕГУ не захацела ісці на кантакт з органам акадэмічнага самакіравання.
У сваю чаргу, Удрыс заявіў, што "больш нельга затрымоўваць рэалізацыю рэформы прафесарска-выкладчыцкага складу". Ён абвінаваціў некаторых неназваных прадстаўнікоў Сената ў выкарыстанні працэсуальных механізмаў для таго, каб ускладніць працэс прыняцця рашэнняў.
Такім чынам, змены прафесарска-выкладчыцкага складу будуць зробленыя на аснове правіл адбору, зацверджаных сенатам у 2010 годзе, кажа прарэктар. З 17 выкладчыкамі складуць доўгатэрміновыя працоўныя дамовы з нагрузкай на поўную стаўку. Яшчэ на 40 ставок (нагрузка ад 0,25 да 1 стаўкі) выкладчыкі будуць прынятыя ў выніку ўнутранага адбору.
Фота — delfi.lt