Права на жыццё, на працу, на годны заробак — правы чалавека ад Лукашэнкі

Права на жыццё, на працу, на годны заробак — правы чалавека ад Лукашэнкі

9 сакавіка Аляксандр Лукашэнка сустракаецца са спецыяльным прадстаўніком Еўрасаюза па правах чалавека Стаўрасам Ламбрынідзісам. Кіраўнік краіны гаворыць, што Беларусь “мае свой погляд” і не крытыкуе Еўропу за тое, як яна разумее правы чалавека. Еўрарадыё сабрала ўсе фармулёўкі правоў чалавека ад кіраўніка краіны.

Права на жыццё, на працу, на годны заробак — правы чалавека ад Лукашэнкі
Лукашэнка падчас сустрэчы з Ламбрынідзісам. Фота: прэс-служба прэзідэнта Беларусі

Верасень 2015 года. Падчас сустрэчы з вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Зейдам Раад аль-Хусэйнам Лукашэнка запэўнівае, што Беларусь будзе і далей прыхільніцай правоў чалавека, але не тых, якія навязваюць іншыя краіны:

“Ніколі не дазволім, каб нам навязвалі так званыя правы чалавека і палітызавалі іх”.

Сакавік 2016 года. Падчас кадравых прызначэнняў Лукашэнка заяўляе:

“[…]права чалавека — сказаць тое, што ён думае, у патрэбным месцы: на сходзе, пры абмеркаванні з калегамі, вам проста ў вочы — гэтага не трэба баяцца. Гэта ў плюс нам будзе. Але калі прыйшоў на працу, там рот мусіць быць, груба кажучы, зашыты, таму што там дыктат ажыццяўляе тэхналогія. Бачыш нешта не так — папярэдзь кіраўнікоў сваіх, скажы, прапануй”.

7 студзеня 2016 года. Падчас набажэнства Лукашэнка кажа, што самым галоўным правам чалавека з’яўляецца права на жыццё.

“Самае галоўнае — гэта права жыць. Нікому не патрэбная такая дэмакратыя, дзе кожны дзень на вуліцы страляюць і забіваюць за год сотні тысяч людзей”.

Права на жыццё, на працу, на годны заробак — правы чалавека ад Лукашэнкі
Лукашэнка падчас сустрэчы з Зейдам Раадам аль-Хусейнам у Нью-Ёрку. 27 верасня2015 года. Фота: БЕЛТА

У траўні 2015 года на з’ездзе федэрацыі прафсаюзаў Лукашэнка згадвае пра права на працу:

“Права на працу — адно з фундаментальных правоў чалавека. У незалежнай Беларусі мы збераглі гэтае права для нашых людзей. І справа не толькі ў тым, што яно запісанае ў Канстытуцыі. Мы рабілі часам немагчымае для таго, каб права на працу не засталося на паперы, а было рэалізаванае ў жыцці”.

А 16 кастрычніка 2012 года, на прэс-канферэнцыі для расійскіх журналістаў, Лукашэнка зноў гаворыць пра тое, што такое сапраўдныя правы чалавека:

“Права чалавека — гэта перш за ўсё права на жыццё. І вось вакол жыцця чалавека мы мусім стварыць усё, перш за ўсё бяспеку для жыцця гэтага чалавека. Гэта права на працу, права на нармальны заробак, каб ён мог аплаціць камунальныя паслугі і пракарміць сваю сям’ю”.

За два гады да гэтага, таксама на прэс-канферэнцыі для расійскіх журналістаў, кіраўнік краіны падкрэслівае, што галоўнае права чалавека — на жыццё:

“Правы чалавека. Яны толькі аб мітынгах кажуць і дэманстрацыях. У нас прысутнічае права на жыццё. Дзяржава не толькі гарантуе, але і свята выконвае гэта права. А ў астатнім — жыві так, каб не чапляць плячом іншага чалавека”.

Права на жыццё, на працу, на годны заробак — правы чалавека ад Лукашэнкі
Лукашэнка падчас прэс-канферэнцыі з расійскімі СМІ Фота: БЕЛТА

Падчас прэзідэнцкага паслання ў 2009-м Лукашэнка ўскосна закранае пытанне правоў чалавека:

“Няўважлівае стаўленне, абыякавасць, хамства ў рабоце з людзьмі здольныя перакрэсліць любыя нашыя дасягненні. Гэта, дарэчы, аб правах чалавека. І я прашу дэпутатаў як асноўную задачу перад сабой бачыць гэтую. Гэта і вашыя людзі — яны за вас галасавалі, яны вас абіралі. Кожны ў сваёй акрузе зрабіце для таго, каб абараніць асноўныя правы чалавека. Не тыя, пра якія талдычаць з усіх бакоў за мяжой і тут, а тыя правы, якія патрэбныя нашым людзям. У тых сферах, якімі жыве наш чалавек кожны дзень”.

Такім чынам, паводле Лукашэнкі, правы чалавека — гэта права на жыццё, права на працу, права на “нармальны заробак”, а таксама права сказаць тое, што думаеш, але толькі ў пэўны час.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі