Праваабаронцу Андрэя Бандарэнку будуць судзіць за “пыл на паліцы”

Праваабаронцу Андрэя Бандарэнку будуць судзіць за “пыл на паліцы”

Праваабаронцу Андрэя Бандарэнку, які адбывае пакаранне за “злоснае хуліганства”, цяпер будуць судзіць за “злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы”. Вязню пагражае да трох гадоў зняволення. Паводле ранейшага прысуду тэрмін зняволення Бандарэнкі закачваецца ў сакавіку гэтага года, але цяпер ён рызыкуе застацца за кратамі.

Як паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на бацьку вязня, Валерыя Бандарэнку, да зняволенага праваабаронцы “чапляліся ўвесь час, то за пыл на паліцы, то нібыта, што ляжаў на ложку, калі можна было толькі сядзець”. Адміністрацыя калоніі назбірала патрэбную колькасць парушэнняў і перавяла яго ў турму, а цяпер хоча павялічыць тэрмін. Валерый Бандарэнка мяркуе, што яго сыну помсцяць за яго ранейшую праваабарончую дзейнасць.

Былы кіраўнік арганізацыі абароны правоў вязьняў “Платформа” Андрэй Бандарэнка ў 2013 годзе быў суджаны на 3 гады за злоснае хуліганства. Сваю віну праваабаронца прызнаў часткова і не выключыў правакацыі спецслужбаў, каб адпомсціць яму за праваабарончую дзейнасць. Меркаванне калегаў адносна палітычных прычын пераследу Бандарэнкі ў той сытуацыі падзяліліся.

Беларускія праваабаронцы дамагаюцца адмены 411 артыкулу Крымінальнага кодэксу, праз які, паводле праваабаронцаў, улады часта пераследуюць палітычных апанентаў, а адміністрацыі папраўчых установаў распраўляюцца з тымі вязьнямі, якія адмаўляюцца з імі супрацоўнічаць.

Правабаронцы “Вясны” ды іншых арганізацый заявілі, што ў выпадку асуджэння Андрэя Бандарэнкі паводле 411 артыкулу КК будуць гатовыя прызнаць яго палітычным зняволеным.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі