Праваабаронцу Таццяну Равяка аштрафавалі на 460 рублёў — нібыта за лаянку
Суддзя Вікторыя Шабуня прызнала праваабаронцу Таццяну Равяка вінаватай у публічнай лаянцы і аштрафавала на 460 рублёў (20 базавых велічыняў), піша праваабарончы сайт "Вясна".
Разгляд адміністрацыйнай справы прайшоў 26 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Перад гэтым пасяджэнне двойчы пераносілася.
Таццяну Равяка затрымалі 26 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы Мінска, дзе яна як праваабаронца назірала за акцыяй салідарнасці з затрыманымі. Разам з іншымі затрыманымі яе завезлі ў Цэнтральны РУУС Мінска. Там Равяка разам з іншымі затрыманымі доўгі час знаходзілася ў жорсткіх умовах, у дворыку, тварам да сцяны, з паднятымі дагары рукамі.
Пазней стала вядома, што на Равяка склалі два пратаколы — за дробнае хуліганства і ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пратаколы праваабаронцы не прад’яўлялі, і яна іх не падпісвала.