Правайдары нарэшце абмежавалі доступ да сайта, дзе гандлююць наркотыкамі
Нарэшце самы папулярны ў СНД сайт, які гандлюе наркатычным парашкамі, прыбралі з агульнага доступу. Правяраем, ці можна зайсці на згаданы сайт і праз папулярных у Беларусі інтэрнэт-правайдараў, і з выкарыстаннем інтэрнэту ад мабільных аператараў. Не атрымліваецца.
Нагадаем, што рашэнне абмежаваць доступ да наркарэсурсу было прынятае ў пачатку года, калі з’явіўся Дэкрэт №6, накіраваны на барацьбу з імклівай наркатызацыяй у Беларусі.
У хуткім часе пасля зменаў заканадаўства зайсці на сайт звычайнымі метадамі было немагчыма. Аднак ужо праз некалькі тыдняў доступ аднавілі. Здарылася гэта з-за бюракратычных непаразуменняў. Выйшла пастанова ААЦ і Мінсувязі №6/8. У Дзяржаўнай інспекцыі па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Еўрарадыё патлумачылі, што з-за новага нарматыўнага акту забароненыя раней сайты былі выключаны з “чорнага спісу”. І цягам доўгіх месяцаў доступ то быў абмежаваны, то зноўку аднаўляўся.
Зрэшты мінімальна прасунутыя інтэрнэт-карыстальнікі, якіх зацягнула ў наркапалон, і сёння без праблем заходзяць на небяспечны сайт. За сераду 14 кастрычніка на рэсурсе змясцілі дзясяткі аб’яваў.