Праверка МНС выявіла няспраўную пажарную сігналізацыю ў астравецкім гатэлі
Мноства хібаў выявіла праверка, якую супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях правялі ў гатэлі "SUN HOTEL" у Астраўцы. Як паведамляе прэс-служба ведамства, там адпрацоўвалі план эвакуацыі людзей з будынка і праводзілі тактыка-спецыяльныя заняткі па ліквідацыі ўмоўнага ачагу ўзгарання.
Аднак выявілася, што сістэма аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі няспраўная і не абслугоўваецца (адключаныя прыборы пажарнай аўтаматыкі, ёсць пашкоджанні шлейфаў, факты дэмантажу дымавых пажарных апавяшчальнікаў). Сістэма апавяшчэння і кіравання эвакуацыяй людзей пры пажары знаходзіцца ў няспраўным стане і не абслугоўваецца. У самім будынку гатэля зробленае перапланаванне, якое адступае ад праектнай дакументацыі.
Запасныя эвакуацыйныя шляхі былі загрувашчаныя: на іх ляжалі дываны, стаяла люстэрка, былі складзеныя гаручыя матэрыялы. З некаторых супрацьпажарных і дымонепранікальных дзвярэйбылі знятыя даводчыкі. Выявілая, што ў гатэлі няма дакументаў па пажарнай бяспецы і неабходнай колькасці першасных сродкаў пажаратушэння.
На кіраўніка аб'екта пачалі адміністрацыйны працэс.
Менавіта пад Астраўцом будуецца Беларуская АЭС.