Праз закон аб забароне "прапаганды" ЛГБТ у Расіі могуць забараніць да 50% кніг

Выдаўцам таксама незразумела, "ці трэба аўтарам перапісваць свае творы" / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Выдаўцам таксама незразумела, "ці трэба аўтарам перапісваць свае творы" / ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Размытыя фармулёўкі законапраекта аб забароне прапаганды ЛГБТ у Расіі ставяць пад пагрозу да 50% кніг, якія выдаюцца ў Расіі. Пра гэта піша РБК са спасылкай на прэзідэнта адной з найбуйнейшых расійскіх выдавецкіх груп "Эксмо-АСТ" Алега Новікава. У зоне рызыкі, паводле яго слоў, знаходзіцца практычна ўся літаратура Віктара Пялевіна, біяграфія Пятра Чайкоўскага і "многае іншае".

Раней расійскае заканадаўства прадугледжвала пакаранне толькі за "прапаганду" ЛГБТ сярод непаўналетніх. Новыя папраўкі мяркуюць, што пад абмежаванні патрапіць і дэманстрацыя ЛГБТ.

Па словах Новікава, адкрытым застаецца пытанне і зваротнай сілы закона. Іншымі словамі, незразумела, "ці трэба аўтарам перапісваць свае творы, вычышчаць іх згодна з новымі патрабаваннямі". Яшчэ адна праблема, якая турбуе расійскі выдавецкі бізнес — пірацтва. "Ужо цяпер трафік заблакаваных на тэрыторыі Расіі сайтаў з пірацкім кніжным кантэнтам вырас з лютага на 20%", — адзначыў Новікаў.

Дэпутат расійскай Дзярждумы Аляксандр Хінштэйн днямі пісаў, што Дзярждума на наступным тыдні зможа разгледзець гэты "пакет законапраектаў у другім, а затым і ў канчатковым, трэцім чытанні".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі