Прэм'ер Албаніі на міжнародным форуме распавёў анекдот пра Пуціна і Прыгожына
Яўген Прыгожын і Уладзімір Пуцін / ИД "Коммерсант"
Прэм'ер-міністр Албаніі Эдзі Рама развесяліў удзельнікаў Bled Strategic Forum у Славеніі свежым анекдотам пра прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і заснавальніка ПВК "Вагнер" Яўгена Прыгожына. Відэа з форуму публікуе ўкраінскі рэсурс УНІАН.
Рама спытаў удзельнікаў форуму, ці ведаюць яны, што Расія хоча адмовіцца ад мноства паясоў і ўвесці на тэрыторыі краіны аднолькавы час. А затым распавёў анекдот на гэтую тэму.
Гісторыя пачалася з таго, што расійскі прэм'ер-міністр прыйшоў да Пуціна з праблемай: "Мая сям'я была ў адпачынку, я патэлефанаваў ім пажадаць спакойнай ночы, але ў іх ужо была раніца. Я патэлефанаваў Олафу Шольцу [канцлер Германіі-рэд.], каб павіншаваць яго З Днём Нараджэння, але ён сказаў, што гэта будзе на наступны дзень. Я патэлефанаваў Сі Цзіньпіну, каб павіншаваць яго з Новым годам, але ён сказаў мне, што ў іх усё яшчэ стары год". На што Пуцін адказаў: "Так, такое здарылася і са мной. Я патэлефанаваў сям'і Прыгожына, каб выказаць спачуванні, але яго самалёт яшчэ не ўзляцеў".
Яўген Прыгожын і яшчэ некалькі членаў яго каманды загінулі ў выніку авіакатастрофы 23 жніўня. Раней Прыгожын быў вымушаны вывесці частку сваёй ПВК "Вагнер" у Беларусь – гэта адбылося пасля паходу на Маскву вагнераўцаў, не згодных з тактыкай вядзення вайны ва Украіне. Пасля авіакатастрофы расійскія рэсурсы ўзгадалі пра старое інтэрв'ю Пуціна, дзе ён казаў, што здраду ён дараваць не можа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.