Прэм'ер Польшчы: мы гатовыя прафінансаваць пералёты мігрантаў на радзіму
Польшча гатовая прафінансаваць вяртанне мігрантаў з беларуска-польскай мяжы на радзіму. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр краіны Матэвуш Маравецкі.
"Я лічу, што мы праз салідарную і рашучую палітыку, рашучую абарону мяжы Польшчы, Літвы і Латвіі з Беларуссю, павінны давесці да вяртання мігрантаў дадому. Мы можам дапамагчы ім у гэтым, можам дапамагчы ім у фінансаванні пералётаў з Беларусі, з Менска, у Багдад, Стамбул ці іншыя гарады", — заявіў польскі чыноўнік.
Таксаам Маравецкі правёў тэлефонныя перамовы з прэм'ерам Ірака і прэм'ерам рэгіянальнага ўрада Курдыстана. Яны паабяцалі супрацоўнічаць у вяртанні сваіх суграмадзян на радзіму. Курдыстанскі прэм'ер Барзані падкрэсліў, што людзі, якія апынуліся на мяжы Еўрасаюза, сталі ахвярамі кантрабандыстаў.
Паводле звестак Наталлі Эйсмант, на сёння ў Беларусі знаходзяцца каля сямі тысяч мігрантаў, якія хацелі б трапіць на тэрыторыю ЕС.
Дарэчы, сёння з Беларусі ў Ірак адправіўся першы вывазны рэйс. Ім дадому вярнуліся больш за 400 грамадзн Ірака.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.