Прэс-сакратар патлумачыла, чаму Лукашэнка праводзіць нарады без маскі

Прэс-сакратар патлумачыла, чаму Лукашэнка праводзіць нарады без маскі

Аляксандр Лукашэнка не плануе праводзіць нарады ў анлайне альбо апранаць на сустрэчы медыцынскую маску. Пра гэта парталу TUT.by распавяла яго прэс-сакратар Наталля Эйсмант.

Напярэдадні ў кіраўніка Беларусі прайшла нарада, прысвечаная распаўсюду каранавіруса. У ёй удзельнічалі чыноўнікі з медыцынскай сферы і кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя. Аднак усе ўдзельнікі былі без масак і сядзелі даволі блізка, хаця медыкі рэкамендуюць у цяперашніх умовах трымаць дыстанцыю ў 1 метр. 

Эйсмант кажа, што на нарадзе былі толькі здаровыя людзі. Ім, згодна з рэкамендацыямі СААЗ, маску насіць не абавязкова. 

"Пры гэтым калі б хто-небудзь з удзельнікаў на ўчорашнюю нараду прыйшоў у масцы, паверце, яе б з чалавека не здымалі. Але і апранаць сілай не маюць намеру. Наколькі я ведаю, не апранаў і не збіраецца апранаць маску і прэзідэнт. У цэлым жа вяртаючыся да рэкамендацый СААЗ аб тым, што здаровым людзям маскі можна не насіць, можна зрабіць выснову, што ўчора на нарадзе ўсе людзі былі здаровыя", — заявіла Эйсмант.

Сапраўды, Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць, што маску трэба насіць тым, хто кашляе або чхае. Здаровым людзям рэкамендуюць насіць маску, толькі калі яны дапамагаюць чалавеку з падазрэннем на каранавірус.

Нагадаем, што сам кіраўнік Беларусі ў цяперашнюю пандэмію не верыць і называе яе найчасцей "каронапсіхозам" і "інфадэміяй". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі