Прэс-сакратар Пуціна: пра аб’яднанне Беларусі і Расіі гаворка не вядзецца
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што пра аб’яднанне Расіі і Беларусі ў адну дзяржаву гаворка не вядзецца. “Вядома, гаворка не ідзе пра нейкае далучэнне”, — цытуе Пяскова ТАСС.
Паводле яго словаў, цяпер вядзецца пра “рух насустрач адзін аднаму”. Прадстаўнік Крамля таксама адзначыў, што на сустрэчы кіраўнікоў дзвюх краінаў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі абмяркоўваюцца сярода іншага страты Мінска ад падатковага манеўра Расіі, але тэматыка і праблематыка далейшай інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы — паралельныя пытанні, яны “не завязаныя” адно на адным.
Паводле Пяскова, Масква будзе лічыць паспяховым той вынік перамоваў, які дазволіць зрабіць “яшчэ адзін крок у бок развіцця нашых саюзніцкіх адносінаў”. “Гэты шлях доўгі, тут наўрад ці варта чакаць нейкіх прарыўных рашэнняў, бо гэта дастаткова складаная субстанцыя. Апроч таго, ёсць пытанні, якія меней маштабныя, але не меней важныя для кожнага з бакоў”, — сказаў прэс-сакратар Пуціна.
Ён дадаў, што развіццё інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі не супярэчыць інтарэсам іншых краінаў ЕАЭС.