Прэйгерман: Па выніках мінулагодняга паслання фактычна нічога не зроблена
У Пасланні Лукашэнкі другі год гучыць неабходнасць сацыяльных рэформаў, але на справе нічога пакуль не змяняецца.
Пасланне кіраўніка краіны да народу і Нацыянальнага сходу мела дзве галоўныя тэмы, пра якія падрабязна казаў Лукашэнка: знешняя і рэгіянальная дэстабілізацыя і эканоміка. Але прапісаныя ў Пасланні тэзісы ён сапраўды перакрэсліваў сваімі ўласнымі каментарамі, кажа палітолаг з Ліберальнага клуба Яўген Прэйгерман.
Прэйгерман: “Галоўная ідэя, што ён кажа пра канец сацыяльна-эканамічнай мадэлі Беларусі, якая ў класічным выглядзе была ад сярэдзіны 90-х да сярэдзіны 2000-х і потым ў мікшыраваным выглядзе апошнія пяць гадоў. І гэтыя тэзісы пра неабходнасць сацыяльных рэформаў ён прамаўляе другі год запар. Потым ён, канешне, можа рабіць каментары, якія на гэтым ставяць крыж, але цікава, што ў самім тэксце гэта ёсць”.
Ліберальны клуб падлічыў, што па выніках леташняга паслання фактычна нічога не было зроблена. Але сама тэма гучыць другі год запар.