Прэзідэнт Эстоніі заручыўся з кіраўніцай службы кібербяспекі Латвіі
Прэзідэнт Эстоніі, 61-гадовы Тоомас Хендрык Ільвес, заручыўся з 38-гадовай кіраўніцай службы кібербяспекі Міністэрства абароны Латвіі Іевай Купцэ. Пра гэта ў панядзелак распавёў саветнік прэзідэнта Тоомас Сільдам.
Рашэнне пра заручыны было прынятае яшчэ ў сярэдзіне лістапада і ніяк не адаб’ецца на выкананні прэзідэнтам сваіх абавязкаў.
У эстонскіх СМІ паведамляецца, што Ільвес і Купцэ маюць стасункі прынамсі цягам двух гадоў. А іх знаёмства адбылося яшчэ ў 2003 годзе ў Брусэлі, калі Ільвес быў еўрадэпутатам, а Купцэ — чыноўніцай у парламенце.
Кіраўніца службы кібербяспекі пачала сваю дыпламатычную кар’еру ў латвійскім МЗС у 1997 годзе. У 2007-м яна нават атрымала дзяржаўную ўзнагароду Латвіі, “за актыўную арганізацыю саміта NATO ў Рызе”. Цяпер яна кіруе каардынацыйным аддзелам нацыянальнай палітыкі кібербяспекі ў Міністэрстве абароны Латвіі, паведамляе эстонскі партал DELFI.
Прэзідэнт Эстоніі (дарэчы, фактычным кіраўніком гэтай краіны з’яўляецца прэм’ер-міністр) таксама мае доўгую дыпламатычную кар’еру. Ён быў двойчы жанаты. Першы раз з псіхолагам Мэры Балак, (мае двух дзяцей), другі раз з медыкам Эвелін Інт-Ламбат, (мае дачку).
Яго другі прэзідэнцкі тэрмін (і апошні) скончыцца ў жніўні наступнага года. Але вяселле можа адбыцца і да гэтага часу.
Ці зможа Іева Купцэ ў такім выпадку сумяшчаць сваю міністэрскую пасаду і ролю “першай лэдзі”?
У прэс-службе Міністэрства абароны Латвіі заявілі, што на дадзены момант няма падставаў, праз якія спадарыня Купцэ пакінула б сваю пасаду.
“Няма афіцыйнай інфармацыі пра тое, што Іева Купцэ стане жонкай прэзідэнта Эстоніі. Мы не каментуем інфармацыю пра прыватныя стасункі нашых супрацоўнікаў, гэта не мае ніякага дачынення да работы. Мы не маем яе рашэння аб сыходзе. Падставаў для таго, каб яна пакінула пасаду, няма”, — заявілі Еўрарадыё ў міністэрстве.
Калі вяселле адбудзецца да канца прэзідэнцкага тэрміна мужа, гэта будзе хіба першы выпадак у найноўшай гісторыі Еўропы, калі палітыкі з розных краінаў пабяруцца шлюбам.
Некаторыя знаўцы дыпламатычнага этыкету мяркуюць, што ў такім выпадку Іеве Купцэ хутчэй за ўсё давядзецца адмовіцца ад сваёй пасады ў міністэрстве.
Галоўнае фота: Rene Riisalu/Office of the President