Прэзідэнт Міжнароднага Чырвонага Крыжа адказаў Сашы Філіпенку

Саша Філіпенка / Еўрарадыё
Саша Філіпенка / Еўрарадыё

Пісьменнік Саша Філіпенка распавёў сваім падпісчыкам у Facebook, што атрымаў адказ на свой зварот да прэзідэнта Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа Петэра Маўрэра.

У сярэдзіне лютага Філіпенка апублікаваў у швейцарскім выданні Neue Zürcher Zeitung адкрыты ліст да Маўрэра, у якім сярод іншага нагадаў пра сваю прапанову наведаць беларускія турмы, дзе ўтрымліваюць пратэстоўцаў, і паглядзець, як "жанчыны спяць на бетонных падлогах і металічных сетках без матрацаў, у якіх хлеб кладуць пад галаву замест падушак, прыбіральні ўяўляюць сабой дзіркі ў падлогах, не абгароджаныя нават шторкамі, а наглядчыкі не дазваляюць перадаваць у камеры ні зубныя шчоткі, ні пракладкі". Першы раз пісьменнік прасіў кіраўніка МЧК паўплываць на тое, як ставяцца ў турмах да затрыманых, яшчэ восенню 2020 — падчас сустрэчы з Маўрэрам у Маскве. Але тады кіраўнік МЧК сказаў, што гэта немагчыма, арганізацыя прытрымліваецца нейтралітэту і не валодае такім мандатам.

У тым жа духу Петэр Маурер адказаў на ліст Сашы Філіпенкі і цяпер.

"У эфіры швейцарскага радыё Петэр Маўрэр з усмешкай заявіў, што не хоча лаяцца з пісьменнікам, творчасць якога шануе. На гэтым можна было б спыніцца і адправіцца інспектаваць беларускія турмы, але Петэр Маўрэр чарговым разам заявіў, што нікудашанькі не паедзе", — распавядае Саша Філіпенка.

Аргументацыя ў кіраўніка МЧК была тая ж, што і ўвосень — у арганізацыі няма адпаведнага мандата, які дазволіў бы ўвайсці ў беларускія турмы.

"Увогуле, пакуль не пачнецца поўнамаштабная вайна — ён не можа. У мірны час Чырвоны Крыж здольны толькі ўдзельнічаць у фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, але гэтага Петэр Маўрэр у эфіры швейцарскага радыё чамусьці не сказаў", — адзначыў Саша Філіпенка.

8 сакавіка ў эфіры Еўрарадыё пісьменнік разважаў пра прыроду таго, што адбываецца ў апошні год у Беларусі. На ягоную думку, патрабаванні беларусаў, якія гучаць на пратэстах, не палітычныя і не эканамічныя. Яны — маральна-этычныя. Таму ўсё, што адбываецца ў Беларусі і з беларусамі ў гэтыя месяцы, — гэта барацьба дабра са злом.

Аб удзеле прадстаўнікоў Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) у фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у МЧК пісала і Народнае Антыкрызіснае кіраванне — нагадвала пра тое, што прадстаўнікі БТЧК былі сябрамі ўчастковых выбарчых камісій, і на многіх участках, дзе яны працавалі, былі зафіксаваная фальсіфікацыя вынікаў. Акрамя таго, БТЧК не заступілася за медыкаў, якіх пасля выбараў звальнялі і пераследавалі за грамадзянскую пазіцыю.

У сувязі з гэтым НАУ просіць МЧК ацаніць дзеянні прадстаўнікоў БТЧК і пазбавіць беларускі філіял фінансавай падтрымкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі