Прэзідэнт першы заўважыў, што ў Ціхановіча заела фанаграму

У Інтэрнэце актыўна абмяркоўваецца, як падчас “жывога” выступу групы “Топлесс” заела фанаграму. Дзяўчаты вымушаныя былі спрабаваць спяваць “ўжывую”. З гэтай нагоды Еўрапейскае радыё вырашыла даведацца, наколькі шырока беларускія выканаўцы выкарыстоўваюць фанаграму ў сваёй працы. Тым больш, што Міністэрства культуры выдала закон, у адпаведнасці з якім выкарыстоўванне фанаграм на канцэртах забараняецца. Альбо аб яе выкарыстоўванні неабходна папярэджваць – рабіць адпаведны запіс у афішах.

Праўда, узгадаць дакладную назву таго закону і калі ён з’явіўся на свет, начальнік упраўлення мастацтва Мінкульту Міхаіл Казловіч не здолеў.

Міхаіл Казловіч:Калі не блытаю, гэта можа быць ці ў законе аб рэкламе, ці аб спажывецкім праве. Штосьці вось такое. Гэты быў закон даўно ўжо. Дакладна не магу сказаць калі”.

Па словах чыноўніка, за выкананнем закона аб фанаграмах ніхто не сочыць, і выконваць яго альбо не — цалкам на сумленні артыстаў.

Еўрарадыё пацікавілася, як часта вядомыя выканаўцы выкарыстоўваюць фанаграму і папрасілі ўзгадаць кур’ёзную гісторыю, з гэтым звязаную. Першай дазваніліся Іне Афанасьевай.

Іна Афанасьева:
“Неяк аднойчы, калі ўсе прыязджалі на пляцоўку са сваімі міні-дыскамі, адзін з выканаўцаў забіраў свой дыск і адначасова выпадкова адключылі мой. Я ў гэты час спявала. Але паколькі я заўсёды спяваю “жыўцом”, то працягвала спяваць без музыкі. Калі фанаграму падключылі, яна чамусьці пачала граць менавіта з таго месца, дзе і я ў той момант спявала. Атрымаўся нібыта жывы канцэрт”.

Спявачка прызналася, што заўсёды працуе пад фанаграму. Але ў запісе гучыць толькі музыка, спявае заўсёды ў жывую. Іна Афанасьева скардзіцца, што яе ганарары не дазваляюць утрымліваць калектыў музыкаў. Па яе словах, так працуе большасць эстрадных выканаўцаў. Што ж тычыцца тых, хто толькі “разяўляе рот”, то Іна на іх не зважае. Гэта, кажа яна, спевакі-аднадзёнкі. І іх няшмат.

Расказала сваю фанаграмную гісторыю і Паліна Смолава. У яе таксама не хапае грошай на свой калектыў музыкаў.

Паліна Смолава: “Нядаўна ў мяне быў сольны канцэрт. Была навальніца, і тры разы “вырубала” святло. Калі яго вырубіла канчаткова, гледачы запалілі запальнічкі, і павольную песню, якую я на той момант выконвала, я даспявала акапэльна. Разам са слухачамі”.

Паліну ратуе тое, што яна, як і Іна Афанасьева, заўсёды спявае ўжывую. Але ў адрозненне ад калегі Смолава сцвярджае, што пад “поўную” фанаграму спявае большасць беларускіх эстрадных выканаўцаў. Яна іх не асуджае, а толькі шкадуе. Кажа, што іх творчы шлях будзе не доўгім.

Не лічыць заганным выступаць пад фанаграму і Аляксандр Ціхановіч.

Аляксандр Ціхановіч: “Быў абсалютна кур’ёзны выпадак падчас аднаго з канцэртаў, які праходзіў у к\з “Мінск”. Мы спявалі пад фанаграму, здаецца, “мінус адзін”, і на палове куплета дыск спыніўся. Пачалі наноў. Даходзіць да таго ж месца — і зноў становіцца. І ў зале знаходзіцца кіраўнік краіны. Ён першы заўважыў і кажа: “Во! Музыка спынілася. Точна!” Калі фанаграма спынілася ў трэці раз, мы сказалі: “Давайце спяем жыўцом”. І ўсю песню ад пачатку да канца праспявалі жыўцом”.

Выпала неяк выступаць “пад фанеру” і гурту “Нейра Дзюбель”. Вось што ўзгадаў Саша Кулінковіч.

Саша Кулінковіч: “Гэта было на першым фестывалі “На скрыжаваннях Еўропы”. Пакуль нас аб’яўлялі, бубначу неабходна было хуценька вынесці на сцэну частку сваёй устаноўкі. Але фанаграма зайграла, калі ён яшчэ стаяў з бубнамі і талеркай пад пахай”.

Пра непрыемнасці ад фанеры ў “Крамы” расказаў “Еўрарадыё” Ігар Варашкевіч.

Ігар Варашкевіч: “Мы выступалі на свяце піва “Баброў” у Бабруйску. Гэта было напрыканцы кастрычніка. І пайшоў моцны снег. Мы вымушаныя былі выступаць пад “фанеру”. Гукач уключыў дыск, і “фанера” адразу пачала “скакаць”. Мы некалькі разоў вымушаныя былі пачынаць песню спачатку. Народ увесь быў п’яны і, здаецца, нічога не зразумеў. На шчасце, гэтыя “скокі” былі толькі на першых песнях. Мы неяк вытрымалі 40 хвілінаў і ўцяклі”.

Рок-музыкі, у адрозненне ад эстраднікаў, лічаць выступ пад “фанеру” справай заганнай і кажуць, што заракліся гэта рабіць. Шкада, што пасля таго, як яны патрапілі ў “чорныя спісы”, патрапіць на іх канцэрт амаль немагчыма. Таму перад слухачом стаіць выбар: альбо ісці на канцэрт дазволеных фанершчыкаў, альбо слухаць дома кампакт-дыскі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі