Пры пажары жылога дома ў Гомелі загінулі тры чалавекі
Увечары 6 лістапада, каля 21-й гадзіны, гомельскіх ратавальнікаў выклікалі на пажар жылога дома па вуліцы Кунцэвіча, паведамляе прэс-служба МНС.
На месцы выкліку пажарнікі пабачылі, што там гарыць драўляны дом, з акна якога ідзе густы дым.
Звяно газадымаахоўнай службы знайшло на падлозе дома ў жылых пакоях гаспадыню будынка, яе сына і сынаву жонку. Усе яны былі ў непрытомным стане.
Ратавальнікі перадалі ўсіх траіх лекарам, якія канстатавалі іх смерць.
Паведамляецца, што гаспадыні было 67 гадоў, яе сыну 37, а нявестцы 38 гадоў. Яны пражывалі ў доме разам.
Агонь пашкодзіў маёмасць, пасцельныя прыналежнасці, столь і сцены дома. Прычына пажару высвятляецца.
Адной з версіяў прычыны пажару называецца неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
Праверку вядзе следча-аператыўная група.