Пры ўездзе ў Расію замежнікаў сталі правяраць на лаяльнасць
Расійска-эстонская мяжа
Пры ўездзе ў Расію з краін Балтыі замежных грамадзян, а таксама расіян, у якіх ёсць другое грамадзянства, просяць запоўніць спецыяльную анкету. У ёй, акрамя асабістых дадзеных, трэба ўказаць IMEI тэлефона і расказаць пра сваякоў у Расіі і Украіне. Асобным пунктам ідзе пытанне аб стаўленні да дзеянняў кіраўніцтва Еўрасаюза, "які падтрымлівае нацыяналістычны рэжым на Украіне". Пасля запаўнення анкеты некаторых запрашаюць на размову. Пра гэта стала вядома рэсурсу "Фонтанка".
"На сумоўе [з аўтобуса — рэд.] выклікалі прыкладна 50%, астатнім так аддалі пашпарты. Увогуле на мяжы пратырчэлі 6 гадзін" — пісаў у чаце, дзе публікуюць справаздачы аб перасячэнні мяжы ў Пскоўскай вобласці, адзін з карыстальнікаў. Іншы распавёў, як праходзіць сумоўе.
"Пытанні могуць быць самымі рознымі: пра палітыку, пра стаўленне да палітыкі, а чаму ў вас не расійскае грамадзянства (калі чалавек былы расіянін). На маіх вачах у тым жа кабінеце дапытвалі мужчыну, пыталіся, якая арэндная плата за кватэру ў еўрапейскай краіне, колькі ён плаціць камунальных, ці ведае ягонае дзіця расійскую мову... Таксама глядзяць тэлефоны: правяраюць сацсеткі, перапіску, здымкі", — расказаў удзельнік чата. У памежным упраўленні ФСБ Пскоўскай вобласці "Фантанцы" пацвердзілі, што анкеты існуюць.
Нагадаем, запоўніць анкету пра стаўленне да вайны просяць пры ўездзе ў Літву. Былі выпадкі, калі беларусам пасля запаўнення гэтага дакумента, адмаўлялі ва ўездзе. Улетку літоўскія ўлады заявілі, што падобную практыку сталі ўжываць і беларусы. Паводле звестак Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы, пры ўездзе ў Беларусь у літоўцаў пытаюцца пра стаўленне да вайны з Украінай, а таксама правяраюць тэлефоны і ноўтбукі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.