Пры выбуху ў Магнітагорску загінула 95-гадовая ўраджэнка Беларусі
Ураджэнка Беларусі, 95-гадовая Вольга Анісімава ўнесеная ў спіс загінулых пры выбуху ў пад’ездзе жылога дома ў Магнітагорску. Пра гэта паведаміла рэгіянальнае выданне ura.ru у сваім тэлеграм-канале.
Прадстаўнік амбасады Беларусі ў Екацярынбургу Васіль Кунскі пацвердзіў Еўрарадыё, што Вольгу Анісімаву знайшлі сярод завалаў:
"Яна была знойдзеная і апазнаная. Вольга Анісімава, 1923 года нараджэння. У афіцыйных спісах МНС яна значыцца. Так, яна ўраджэнка Беларусі, але расійская грамадзянка. Паводле афіцыйнай інфармацыі, адзіныя замежнікі, якія былі ў спісе, гэта сям'я грамадзян Таджыкістана".
Вядома, што Вольга Анісімава — ураджэнка вёскі Базок, што ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці. У Расіі яна жыла з верасня 2010 года.
Трагедыя ў расійскім Магнітагорску адбылася раніцай 31 снежня. Па афіцыйнай версіі, у адной з кватэр выбухнуў бытавы газ. У выніку абрынуўся адзін з 12-ці пад'ездаў, былі разбураныя 26 кватэр, у іх жылі 46 чалавек. Жыхароў дома эвакуявалі, дагэтуль працягваецца разбор завалаў. Па апошняй інфармацыі расійскага МНС, колькасць загінулых пры абрушэнні дома дасягнула 38 чалавек.