Беларускае прыкладанне Flo перадавала "Фэйсбуку" звесткі пра цыкл карыстальніц

Беларускае прыкладанне Flo перадавала "Фэйсбуку" звесткі пра цыкл карыстальніц

Прыкладанне для жанчын Flo, сторанае беларускімі распрацоўшчыкамі, перадавала ў Facebook звесткі пра менструальны цыкл карыстальніц. Паводле даследавання, праведзенага The Wall Street Journal, "Фэйсбук" можа атрымліваць прыватныя звесткі з прыкладанняў, нават калі іх карыстальнікі не маюць акаунтаў у гэтай сацыяльнай сетцы.  

"Фэйсбук" і раней трапляўся на гарачым у пытаннях выкарыстання дадзеных карыстальнікаў. Літаральна ў студзені гэтага года ён плаціў моладзі за ўсталяванне прыкладання, якое дазволіла б кампаніі збіраць інфармацыю пра тэлефанаванні і прагляды вэб-старонак. Пасля гэтага кампанія Apple пазбавіла Фэйсбук некаторых паўнамоцтваў і заявіла пра парушэнне.

Цяпер тэсцеры праверылі 70 папулярных дадаткаў, і знайшлі сярод іх 11, якія накіроўвалі ў Facebook прыватную інфармацыю пра карыстальнікаў. Сярод такіх праграм, акрамя Flo, была праграма, якая дапамагае шукаць жыллё, і праграма для маніторынгу сардэчнай дзейнасці чалавека.

У структуры кампаніі "Фэйсбук" існуе аналітычная служба, якая дапамагае распрацоўшчыкам прыкладанняў разумець схільнасці сваіх карыстальнікаў, піша cnbc.com.

"Flo: Smart Period Tracker" — адна з самых паспяховых у гісторыі праграм для смартфонаў, распрацаваных беларусамі. CEO Flo — мінскі прадпрымальнік і інвестар Дзмітрый Гурскі, а ў рэкламнай кампаніі прыкладання ўдзельнічала расійская топ-мадэль Наталля Вадзянава. Згодна з сайтам кампаніі, прыкладаннем штодня карыстаецца 25 млн чалавек, а ўсяго яго было запампаванае на смартфоны больш за 75 млн разоў.

Распрацоўшчыкі Flo ужо заявілі, што абмежавалі выкарыстанне знешніх аналітычных праграмаў і выпусцілі абнаўленні для iOS і Android, якія не будуць накіроўваць звесткі карыстальнікаў у любыя вонкавыя аналітычныя сістэмы, у тым ліку ў Facebook Analyics.

Афіцыйны каментар ад імя Flo даў CTO кампаніі Раман Бугаеў:

"Кампанія Flo ніколі не прадавала дадзеныя Facebook, а таксама ніколі не выкарыстоўвала іх для паказу рэкламы. Мы выкарыстоўвалі інструмент Facebook Analytics, як і многія іншыя распрацоўшчыкі мабільных праграм, каб забяспечыць лепшы магчымы досвед для карыстальнікаў. Любое выкарыстанне такіх інструментаў прызначанае толькі для ўнутраных мэтаў і толькі для паляпшэння функцыянальных магчымасцяў прыкладання".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі