Прынамсі адзін грамадзянін Беларусі быў на "пагромным" рэйсе ў Махачкалу — СМІ
Людзі на ўзлётнай паласе аэрапорта Махачкалы
На борце самалёта, які прыляцеў 29 кастрычніка з Тэль-Авіва ў Махачкалу, быў прынамсі адзін грамадзянін Беларусі. Пра гэта даведалася расійскае выданне "Детали", якое пагаварыла з дзвюма пасажыркамі таго рэйсу.
Адна з іх даслала журналістам запіс, на якім чуваць, як нападнікі патрабуюць ад людзей выйсці з аўтобуса. Адзін з пагромшчыкаў нецэнзурна лаецца на пасажыраў і крычыць: "Что вы делаете с Палестиной, твари е…ые!". У адказ людзі крычаць, што яны з Расіі, што яны рускія. А адзін крычыць, што ў яго беларускі пашпарт.
Пакуль невядома ні імя таго пасажыра, ні тое, ці адзін ён такі быў на борце.
Як паведамлялася раней, увечары 29 кастрычніка у Махачкале дагестанцы прыйшлі ў аэрапорт з палесцінскімі сцягамі і "шукалі габрэяў" на рэйсе з Тэль-Авіва. Яны ўварваліся ў будынак аэрапорта і на ўзлётна-пасадачную паласу.
На месца здарэння быў пасланы спецназ. Падчас пратэстаў пацярпелі 20 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі паліцыі і цывільныя асобы. Двое пацярпелых былі ў цяжкім стане, адзін з паліцыянтаў пазней памёр.
У сваім выступе 30 кастрычніка Уладзімір Пуцін заявіў, што ў махачкалінскіх падзеях вінаваты Захад.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.