Прыпыненне палётаў расійскіх турыстаў у Турцыю адаб’ецца на беларусах

Прыпыненне палётаў расійскіх турыстаў у Турцыю адаб’ецца на беларусах

Увечары 24 лістапада прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін называе атаку расійскага бамбардзіроўшчыка Су-24 на мяжы Турцыі і Сірыі "ударам у спіну". Ён заяўляе, што гэты інцыдэнт будзе мець наступствы для сувязяў Расіі з Турцыяй.

З раніцы наступнага дня Федэральнае агенцтва па турызме Расіі выдае зварот у якім раіць спыніць пералёты расійскіх турыстаў на тэрыторыю Турцыі. Тлумачыцца рашэнне тым, што ў Турэцкай Рэспубліцы цяпер “павышаная пагроза тэрарызму і ў такіх абставінах сур’ёзна ускладняецца прыняцце мер па абароне расійскіх грамадзян і аказанне ім заступніцтва з боку Расійскай Федэрацыі”.

“Пакуль мы сочым за сітуацыяй, вывучаем яе, — каментуюць магчымасць падобнай заявы ў беларускім Міністэрстве спорту і турызму. — Праводзім тут адпаведныя кансультацыі з Міністэрствам замежных спраў. Так што, будзем сачыць за развіццём падзей, але пакуль гаворкі пра такую катэгарычную параду ці забарону не вядзецца”.

Фактычна, расійскім тураператарам раяць больш не прадаваць пуцёўкі ў Турцыю, у тым ліку, праз трэція краіны. Але пры гэтым тых, хто не выканае параду, папярэджваюць, што яны парушаць заканадаўства РФ.

Цягам дня ўсе расійскія тураператары адмовіліся ад пералётаў у Турцыю. Цяпер турыстам, якія ўжо набылі пуцёўкі, прапануюць перабраніраваць паездку на любы іншы накірунак.

“У нашай кампаніі няма палётнай праграмы з гарадоў Беларусі”, — каментуюць у мінскім офісе буйнога расійскага тураператара “Пегас-турысцік”. Адпаведна, і для жыхароў нашай краіны паездкі ў Турцыю часова прыпыняюцца.

Эксперт: Расія абавязкова адпомсціць Турцыі за збіты самалёт

Расійскі самалёт Су-24 быў збіты турэцкімі вайскоўцамі 24 лістапада. Прэзідэнт Турцыі сказаў, што гэта адбылося пасля дзесяці папярэджанняў, пра тое, што самалёт апынуўся ў паветранай прасторы Турцыі. У Мінабароны Расіі гэта аспрэчваюць. Па іх дадзеных самалёт знаходзіўся на тэрыторыі Сірыі. Вядома, што аднаго з пілотаў збітага бамбардзіроўшчыка застрэлілі, калі ён спускаўся на парашуце, другі цяпер знаходзіцца на расійскай авіябазе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі