Прыпынены выпрабаванні прэпарата, які рэкамендавалі ад COVID-19

Прыпынены выпрабаванні прэпарата, які рэкамендавалі ад COVID-19

Прыпынены клінічныя выпрабаванні прэпарата, які рэкамендавалі ад COVID-19. Гаворка пра хларахін і яго вытворнае гідраксіхларахін. Сусветная арганізацыя аховы здароўя заявіла, што ён можа быць патэнцыйна небяспечны — выклікае ўскладненні з боку сардэчна-сасудзістай сістэмы. Нядаўняе даследаванне амерыканскіх спецыялістаў паказала, што прэпарат неэфектыўны і можа павысіць верагоднасць смерці (былі прааналізаваны звесткі 96 тысяч пацыентаў з 671 бальніцы), паведамляе "Бі-Бі-Сі".

Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заяўляў, што прымае гідраксіхларахін у прафілактычных мэтах, каб не заразіцца каранавірусам. Пасля двух тыдняў ён ад гэтага прэпарата адмовіўся.

СААЗ падкрэслівае, што хларахін і гідраксіхларахін па-ранейшаму бяспечныя для лячэння малярыі.

Таксама Сусветная арганізацыя аховы здароўя заявіла, што ўвесь свет знаходзіцца не ў "другой хвалі", а "у сярэдзіне першай хвалі" каранавіруса. "Мы можам атрымаць другі пік у гэтай хвалі: такое адбывалася з пандэміямі ў мінулым", — кажа кіраўнік праграмы арганізацыі па надзвычайных сітуацыях Майк Раян. Ён падкрэсліў, што скарачэнне новых выпадкаў заражэння не азначае, што гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца пастаянна.

На раніцу 26 траўня ў свеце налічваецца 5 млн 590 тысяч выпадкаў заражэння COVID-19. За суткі дадаліся больш за 100 тысяч новых выпадкаў. Памерлі амаль 348 тысяч чалавек. У Беларусі на ўчорашні дзень налічвалася больш за 37 тысяч выпадкаў заражэння, памерлі 204 чалавекі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі