Прысуд па справе Віталя Каўша абвесцяць 23 верасня
У чацвер, 19 верасня, брэсцкі грамадскі актывіст выступіў з апошнім словам на пераглядзе справы.
Коўш сказаў, што невінаваты ў злачынстве, у якім яго вінавацяць, і папрасіў суд апраўдаць яго. Ён указаў на тое, што пратаколы допытаў затрыманых на мяжы індусаў, апазнанняў падазраваных маюць прыкметы падробкі і не могуць быць выкарыстаныя як база абвінавачання.
Прыкладам, кавалкі паказанняў розных людзей супадаюць у тэкставай частцы, уключна з граматычнымі памылкамі. Адна з панятых, паводле аналізу пазіцыянавання мабільніка, была ў час, пазначаны ў пратаколе, зусім у іншым месцы. Панятыя не былі азнаёмленыя з правамі і абавязкамі, падпісвалі пратаколы “з даручэння начальнікаў”.
Нагадаем, суд некалькі разоў адмаўляўся аглядаць сведчанні двух індусаў на роліку з інтэрнэта. З разгорнутым на камеру пашпартам яны кажуць, што ў Брэсце іх змусілі агаварыць незнаёмых людзей. Запрасіць індусаў у суд “апынулася тэхнічна немагчымым”.
Нагадаем, што Віталь Коўш знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання больш за год. Яго асудзілі на чатыры гады калоніі з канфіскацыяй маёмасці за тое, што нібыта ў траўні 2012 года ён арганізаваў спробу васьмі індусаў прайсці над беларуска-польскай мяжой па канату. Брэсцкі абласны суд скасаваў ранейшае рашэнне. Цяпер справу пераглядае суд у новым складзе.
Суддзя Брэсцкага раённага суда Уладзімір Шаламіцкі агучыць вырак 23 верасня а 9-й гадзіне.
Фота — svaboda.org