У Брэсце судзяць сваяка партызанскага камандзіра-героя
Пра гэта Еўрарадыё распавяла прыёмная маці падсуднага.
Суд Брэсцкага раёна пачаў разглядаць справу Аляксандра Варвашэні. Яго вінавацяць у тым, што нібыта ў траўні 2012 года ён спрабаваў разам са знаёмым Віталём Каўшом па канаце пераправіць васьмярых індусаў цераз беларуска-польскую мяжу.
Любоў Варвашэня распавяла ў каментары Еўрарадыё:
Любоў Варвашэня: "Бацька майго мужа і Іван Дзянісавіч Варвашэня былі стрыечныя браты. Яны з Мінскай вобласці, Копыльскага раёна. Іван Дзянісавіч быў першым сакратаром Мінскага абкама партыі. У вайну быў адным з кіраўнікоў партызанскага руху на Міншчыне. Муж быў вайскоўцам. Быў на Дальнім Усходзе, потым перакінулі на Украіну, а адтуль у Брэст".
Нагадаем, імя Івана Варвашэні носіць адна з вуліц у цэнтры Мінска.
Аляксандр Варвашэня ў сувязі са “справай індусаў” быў аб’яўлены ў вышук. Ён добраахвотна з’явіўся ў міліцыю адразу пасля паўторнага абвінаваўчага прысуда Віталю Каўшу ў верасні 2013 года. Мэтай сваё яўкі ён назваў памкненне да справядлівасці.
Дарэчы, Віталь Коўш асуджаны на чатыры гады калоніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.