"ПрыватЛізінг", "Кентаўр" і іншыя: латвійскі след у справах Віктара Бабарыкі

Былы кіраўнік праўлення Белгазпрамбанка і прэтэндэнт у кандыдаты ў прэзідэнты Віктар Бабарыка /  Reuters
Былы кіраўнік праўлення Белгазпрамбанка і прэтэндэнт у кандыдаты ў прэзідэнты Віктар Бабарыка /  Reuters

Памятаеце, прадстаўляючы новы склад урада, Аляксандр Лукашэнка прайшоўся па саперніках на прэзідэнцкіх выбарах? Паміж каруселямі і свінаматкамі ён згадаў пытанні, якія трэба задаць аднаму з патэнцыйных кандыдатаў: "Што такое "ПрыватЛізінг"? І другое: дзе грошы трымае, якія ашуканскім чынам атрымаў у Беларусі?"

Гаворка тут ішла пра экс-банкіра Віктара Бабарыку. Ён адказаў на словы Лукашэнкі:

"Я, вядома, мог і не каментаваць гэта пытанне, раз маё прозвішча не прагучала. Але я скажу так: я ведаю кампанію "ПрыватЛізінг". Кампанія "ПрыватЛізінг" — даўні кліент Белгазпрамбанка. Кампанія "ПрыватЛізінг" мае структуру валодання, у якую ўваходзяць, калі я не памыляюся, два ці тры былыя супрацоўнікі Белгазпрамбанка. На гэтым гісторыю я магу скончыць".

 

З гэтага сухога каментара зусім незразумела, чаму раптам назву кампаніі згадаў Аляксандр Лукашэнка. Еўрарадыё вырашыла даведацца, чым займаецца "ПрыватЛізінг", хто валодае гэтай кампаніяй і пры чым тут Віктар Бабарыка.

"Агенцтва гандлю ў растэрміноўку"

"ПрыватЛізінг" займаецца заключэннем лізінгавых здзелак з фізічнымі асобамі. Праз платформу "рассрочка.бел" і сетку крамаў "5 элемент" кампанія прапануе электратавары, тэлерадыётавары, сродкі сувязі.

Кампанія была зарэгістраваная ў 2007 годзе. Першапачаткова яна называлася "Агенцтва гандлю ў растэрміноўку". Менавіта пад гэтай назвай яна пачала супрацоўніцтва з Белгазпрамбанкам у рамках сістэмы продажаў "Растэрміноўка DELAY".

 

“ПриватЛизинг”, “Кентавр” и другие: латвийский след в делах Виктора Бабарико
Пачатак супрацоўніцтва "ПрыватЛізінга" і Белгазпрамбанка

У 2019 годзе, паводле інфармацыі Асацыяцыі лізінгадаўцаў, "ПрыватЛізінг" стаў адной з пяці найбуйнейшых лізінгавых кампаній. Доля кампаніі на рынку — каля 3,5%, лізінгавы партфель — 163 млн рублёў. За мінулы год кампанія заключыла новых дамоў на 205 млн рублёў.

Чатыры беларусы, дзве латвійскія кампаніі

Уласнікі кампаніі "ПрыватЛізінг" — чацвёра беларусаў і дзве латвійскія кампаніі. Афіцыйны дырэктар — Андрэй Харлановіч, нязменна займае гэты пост з 2007 года. Яму належаць 19% кампаніі.

Яшчэ 19% належаць Аляксею Аляксандравічу Герашчанку. У Беларусі больш вядомы іншы бізнесмен — Андрэй Аляксандравіч Герашчанка. Нескладана заўважыць, што імёны па бацьку і прозвішчы гэтых людзей супадаюць. Да таго ж у Андрэя Герашчанкі ёсць брат Аляксей. Андрэй Герашчанка валодаў кампаніяй "Новая Супра" — адным з найбуйнейшых імпарцёраў і дыстрыб'ютараў прадукцыі Procter&Gamble.

Сяргей Дабралёт, былы намеснік старшыні праўлення Белгазпрамбанка, валодае 15% долі "ПрыватЛізінга". У Белгазпрамбанку ён працаваў з 1998 года, пачаўшы кар'еру з пасады выканаўчага дырэктара. У 2004-м стаў намеснікам старшыні праўлення. А старшынёй праўлення ў тыя гады ўжо быў Віктар Бабарыка.

 

“ПриватЛизинг”, “Кентавр” и другие: латвийский след в делах Виктора Бабарико
Цэнтральная атэстацыйная камісія пацвердзіла прафесійную прыдатнасць Дабралёта Сяргея Міхайлавіча ў 2004 годзе.

Яшчэ 15% валодае Антон Марозаў, намеснік старшыні назіральнага савета страхавой кампаніі "Кентаўр". Дарэчы, Сяргей Дабралёт таксама ўваходзіць у гэты назіральны савет. Старшыня савета Вольга Радзецкая ў розных публікацыях пра дабрачыннасць прадстаўляецца то як "менеджар па карпарацыйных камунікацыях і сацыяльных праектах кампаніі "ПрыватЛізінг", то як "памочнік дырэктара "ПрыватЛізінг". Паведамлялася, што яна займаецца праектамі фонду "Шанс".

Астатнія 32% долі кампаніі належаць дзвюм латвійскім кампаніям: "АЛДІ Проджэктс" (18%), якая змяніла іншую латвійскую кампанію "Аўструму Цілтс", і "МВС Інвестмент" (14%). Апошняя валодае 100% долі кампаніі "Хайв проджэкт", якой належаць краўдфандынгавыя платформы MolaMola і Ulej. Іх заснавальнік — Эдуард Бабарыка, сын Віктара Бабарыкі і кіраўнік яго ініцыятыўнай групы.

Сярод ужо былых уласнікаў "Хайв проджэкт" — Антон Марозаў, Андрэй Васін (прыватны інвестар, які займаўся альтэрнатыўнымі крыніцамі энергіі) і кампанія "Прававы дыялог". Усе іх долі ў жніўні 2019-га перайшлі да "МВС Інвестмент".

Законны развод — адны мінусы

На адным з найпапулярнейшых беларускіх рэсурсаў з водгукамі карыстальнікаў у кампаніі "ПрыватЛізінг" 16 водгукаў. З іх 13 з ацэнкай адзінка (самая нізкая) і тры з ацэнкай пяць (самая высокая).

Асноўная прэтэнзія — камісія за лізінг, якую бярэ кампанія.

 

“ПриватЛизинг”, “Кентавр” и другие: латвийский след в делах Виктора Бабарико
Водгукі на кампанію "ПрыватЛізінг"

Таксама кампанія пагашае крэдытную запазычанасць толькі па заканчэнні тэрміну дамовы. Напрыклад, вы купляеце нешта ў лізінг на два гады, але ўсю суму выплачваеце датэрмінова. Да заканчэння тэрміну дамовы ў вашай крэдытнай гісторыі будзе пазначана, што ў вас незакрыты лізінг.

“ПриватЛизинг”, “Кентавр” и другие: латвийский след в делах Виктора Бабарико
Водгукі на кампанію "ПрыватЛізінг"

Сетка контрагентаў

За шмат гадоў свайго існавання Белгазпрамбанк арганізаваў цэлую сетку контрагентаў з разнамасных кампаній. Ці ўсе банкі так робяць? Так, але часцей за ўсё гэта кампаніі ўнутры банкаўскага холдынга. Вось, напрыклад, холдынг Пріорбанка. Мы можам убачыць усе фірмы, якія ў яго ўваходзяць, і чым яны займаюцца.

“ПриватЛизинг”, “Кентавр” и другие: латвийский след в делах Виктора Бабарико
Холдынг Пріорбанка

Або холдынг Беларусбанка, дзе таксама ўсё даходліва паказана.

“ПриватЛизинг”, “Кентавр” и другие: латвийский след в делах Виктора Бабарико
Холдынг Беларусбанка

У Белгазпрамбанка гэта староннія арганізацыі. Мы ўжо даведаліся пра "ПрыватЛізінг", а ёсць яшчэ іншыя. Іх звязваюць адны і тыя ж уласнікі.

Юрфірма "Прававы дыялог" займаецца дасудовым спагнаннем запазычанасцяў па крэдытах Белгазпрамбанка і падрыхтоўкай дакументаў да спагнанняў у судовым парадку. Менавіта такую фармулёўку можна сустрэць у рэзюмэ юрыстаў, якія там працавалі. Па сутнасці гэта калектарская дзейнасць — "выбіванне" даўгоў.

Сярод уласнікаў "Прававога дыялогу" — пяць грамадзян Беларусі і тры кампаніі, дзве з іх замежныя. Імёны і прозвішчы часткі з іх супадаюць з уласнікамі "ПрыватЛізінга" — гэта Андрэй Харлановіч, Аляксей Герашчанка і Антон Марозаў. Разам у іх 25% долі.

Яшчэ адзін уласнік — Святлана Дабралёт, у яе 15%. Чалавек з такім жа прозвішчам — сярод уласнікаў "ПрыватЛізінга". Пяты ўласнік "Прававога дыялогу" — Эдуард Бабарыка, яму належыць 7,5% долі.

А што за юрыдычныя асобы сярод уласнікаў? Тут ёсць Белгазпрамбанк з 10% і дзве ўжо знаёмыя нам латвійскія кампаніі: "МВС Інвестментс" і "АЛДІ Проджэктс" — ім належыць 42,5% долі.

Пытаннямі страхавання ў звязку з Белгазпрамбанкам займаецца ЗАТ "Кентаўр". Сярод акцыянераў — арганізацыі "ПрыватЛізінг" і "Прававы дыялог" і Латвійская кампанія "Латвійскае інвестыцыйнае агенцтва "Аўструму Цілтс", якая, дарэчы, да чэрвеня 2020 года была сярод уласнікаў "ПрыватЛізінга". Таксама долю ў кампаніі мае яе дырэктар Сяргей Прохарчык. І яшчэ тры чалавекі: Вольга Старчанка, Наталля Акуліч і Антон Марозаў, які стаў уласнікам толькі ў сакавіку 2020 года.

Супрацоўніцтва з дабрачынным фондам Віктара Бабарыкі

Некалькі былых супрацоўнікаў Белгазпрамбанка і Эдуард Бабарыка сярод уласнікаў адной з кампаній-спадарожнікаў — гэта не адзіная сувязь сеткі контрагентаў з Віктарам Бабарыкам. "ПрыватЛізінг" з 2014 года актыўна супрацоўнічае з дабрачынным фондам "Шанс". Кіраўнік яго апякунскага савета і адзін з заснавальнікаў — Віктар Бабарыка.

“ПриватЛизинг”, “Кентавр” и другие: латвийский след в делах Виктора Бабарико
Кіраўнік апякунскага савета і адзін з заснавальнікаў фонду "Шанс" — Віктар Бабарыка

Фонд дапамагае з лячэннем цяжкахворых дзяцей. "ПрыватЛізінг" сумесна з Фондам "Шанс" дапамагаў Сенненскай школе-інтэрнату для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, Быценскаму дзіцячаму дому, Беларускай федэрацыі шахмат.

Латвійскі след

Тры латвійскія кампаніі: "МВС Інвестментс", "АЛДІ Проджэктс" і "Аўструму Цілтс" — фігуруюць сярод уласнікаў трох кампаній-контрагентаў, якія працуюць на Белгазпрамбанк, а адной з іх цалкам належыць "Хайв проджэкт", якая валодае краўдфандынгавымі платформамі MolaMola і Ulej. У "МВС Інвестментс" дырэктарам лічыцца Аляксандр Растоў — былы рэдактар Delfi.Latvia, сузаснавальнік двух сэрвісаў для "Інстаграма": interest.me і inselly. Сярод асноўных выгадаатрымальнікаў лічацца толькі Аляксандр Растоў і Аляксей Сцяпанаў, абодва — грамадзяне Латвіі.

“ПриватЛизинг”, “Кентавр” и другие: латвийский след в делах Виктора Бабарико
Сапраўдныя выгадаатрымальнікі "МВС Інвестментс" — Аляксандр Растоў і Аляксей Сцяпанаў, абодва — грамадзяне Латвіі.

У "АЛДІ Проджэктс" дырэктарам лічыцца Аляксей Сцяпанаў. Ён жа пазначаны як асноўнай выгадаатрымальнік. Пры гэтым сярод акцыянераў, акрамя яго, яшчэ два чалавекі: расіянка Таццяна Сцяпанава і беларус Дзмітрый Шаўчук.

Поўны тёзка Дзмітрыя Шаўчука працаваў намеснікам начальніка юрыдычнага ўпраўлення ў Белгазпрамбанку.

Гэтаксама завуць бізнесмена з Магілёва, які валодае кампаніяй "Тайкун" — яна займаецца альтэрнатыўнай энергетыкай у Беларусі. Але Дзмітрый Шаўчук распавёў Еўрарадыё, што не мае да гэтай латвійскай фірмы ніякага дачынення і больш не валодае кампаніяй "Тайкун".

Адкрытасць і сумленнасць

Кампаніі-контрагенты ўзніклі ці сталі працаваць з Белгазпрамбанкам у той перыяд, калі Віктар Бабарыка быў кіраўніком праўлення банка. Яго сын — сярод уласнікаў. На створаных Эдуардам Бабарыкам краўд-платформах Ulej і MolaMola усе пераводы праходзяць праз плацежную сістэму Белгазпрамбанка. Банк атрымлівае працэнт ад кожнай залічанай сумы.

Канчатковым бенефіцыярам гэтых платформаў аказваецца адна з трох латвійскіх фірмаў, якія ёсць ва ўласніках у кампаній-контрагентаў Белгазпрамбанка. Што ўсё гэта значыць? Ці ёсць у гэтай заблытанай схеме крымінал, на які намякаў Аляксандр Лукашэнка? Некалькі дзён таму мы адправілі ўдакладняльныя пытанні ў прэс-службу Віктара Бабарыкі, але адказаў не атрымалі.

Адказваючы на сустрэчы ў Віцебску на пытанне пра "ПрыватЛізінг", патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты ўрэшце пусціўся ў шматслоўныя развагі:

"Мяне заўсёды здзіўляе вось наша стаўленне. Мы ведаем, што ёсць махляр, жулік, шпіён. Мы за ім так глядзім гадоў дзесяць, пятнаццаць, дваццаць, даючы магчымасць падманваць, не ведаю, можа, нават забіваць, яшчэ нешта, а потым раз, у патрэбны момант мы яго і накрылі. Я заўсёды думаю: што ж гэта за сістэма такая? Якая дазваляе шмат-шмат гадоў красці, махляваць, пра гэта ведае ўлада. Слухайце, увогуле кажучы, гэта называецца патуранне як мінімум! А то і саўдзел".

Выкладзенае вышэй не азначае, што Віктар Бабарыка ўдзельнічаў у нейкіх ашуканскіх схемах. Аднак наяўнасць такой сеткі фірмаў-контрагентаў і латвійскія фірмы сярод уласнікаў выклікаюць пытанні.

Латвія была не раз уцягнутая ў гучныя справы па адмыванні грошай. У Рызе знаходзілася бюро юрыдычнай кампаніі "Mossack Fonseca", чые дакументы — "Панамскія паперы" — ляглі ў аснову самага вялікага афшорнага скандалу ў сусветнай гісторыі. Кампаній, згаданых вышэй, мы ў гэтай і іншых базах звестак не знайшлі.

Нядаўна разгарэўся скандал з латвійскім банкам ABVL, у яго быў уцягнуты і прадстаўнік гэтага банка ў Беларусі. Гаворка пра фіктыўныя здзелкі, якія праводзіліся праз кампаніі, зарэгістраваныя ў Латвіі замежнікамі.

Толькі ў 2019 годзе ў Латвіі было заведзена 59 крымінальных спраў па падазрэнні ў адмыванні грошай.

Хочаце дапамагчы незалежнай журналістыцы? Станьце падпісчыкам на Patreon

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі