Прыёмныя мамы могуць не працаваць, а родныя – абавязаны

Маці-гераіня расказала Еўрарадыё пра тое, чаму шматдзетныя бацькі рызыкуюць апынуцца за мяжой беднасці 
Кацярына і Сяргей Іванаўскасы, якія гадуюць семярых дочкаў, лічацца ўзорнай шматдзетнай сям’ёй. Але, як высветлілася, нават маці-гераіня з гэтай сям’і папярэджвае: хочаш стаць шматдзетнай мамай — рыхтуйся да фінансавай нястачы і бытавых складанасцяў.   

“Першымі ў 1999 годзе нарадзіліся Яўгенія і Валерыя. Наступнай нарадзілася Яраслава, — расказвае Кацярына Іванаўскас пра сваіх дочкаў. — У 2003 годзе нарадзіліся Ліза і Насця, у 2007 годзе Варвара і Віялета”. 

Маці-гераіня не прывыкла жаліцца і спачатку з замілаваннем расказвае пра гумарыстычныя бытавыя дэталі.  

Кацярына Іванаўскас: “Есці вару 10-літровымі каструлямі. За раз мы з’ядаем тры булкі хлеба, два батоны, кілаграм цукру на дзень сыходзіць”. 

Ды калі мы запыталіся, ці лёгка ў Беларусі быць прыёмнай мамай, Кацярына расказала пра некаторыя прыгнёт правоў у дачыненні да мам-гераінь. 

“Часам бывае крыўдна, што прыёмная маці, якая бярэ на выхаванне чужое дзіця, мае права не працаваць. А я абавязаная хадзіць на працу, іначай мне не заплоцяць дапамогу па дагляданні за дзіцем, — тлумачыць Кацярына. — Ёсць у Пружанах сям’я, дзе прыёмных дзяцей набралі. У мінулым годзе на дзень горада ім падарылі халадзільнік. Увосень на Дзень маці яны былі ў Мінску ў прэзідэнта”. 

І сапраўды Кацярына не жартуе. Паводле “Палажэння аб прыёмнай сям’і”, адзін з бацькоў-выхавацеляў залічваецца на працу ў аддзел адукацыі на пасаду прыёмнага бацькі. Праца залічваецца ў стаж, да таго ж прадугледжаны і працоўны адпачынак. Тым часам шматдзетныя сем’і, якія самі нарадзілі дзяцей, такімі прывілеямі не карыстаюцца. Пасля таго, як апошняму дзіцю споўніцца тры гады, мама-гераіня таксама павінна выйсці з дэкрэту і вярнуцца на працу. А семярых дзяцей глядзі, як хочаш. 

Кацярына Іванаўскас: “І Першы нацыянальны канал нас здымаў, і брэсцкі. Усе пішуць, паказваюць — але сэнсу няма. Сябры мне раяць: “Табе трэба ў дэпутаты ісці (смяецца, — Еўрарадыё)”.

Кацярына Іванаўскас расказала, што разам з дапамогай на дзяцей, дэкрэтнымі і заробкам мужа выходзіць усяго 110 тысяч рублёў у месяц на аднаго чалавека. І гэта ў час, калі пачак памперсаў каштуе каля 80 тысяч. 

Але мясцовыя ўлады не спяшаюцца дапамагаць гераічнай сям’і збіраць дзяцей у школу, правесці ў хату ацяпленне і гарачую ваду. 

“Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аказвае ім гуманітарную дапамогу, — рапартуюць ва Ўпраўленні працы, занятасці і сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Пружанскага райвыканкама. — У мінулым годзе ў студзені яна звярталася да нас па адрасную сацыяльную дапамогу — 1 мільён 743 тысячы. Другі раз ў ліпені — 1 мільён 836 тысяч. Звыш мы не можам нікуды скокнуць”.

Вядома, што для гэткай вялікай сям’і такая дапамога — мізэрная. У Пружанскім райвыканкаме пагадзіліся, што сапраўдным шматдзетным мамам, як Кацярына, прыходзіцца няпроста, а прыёмным трошкі лягчэй. Але чыноўнікі спасылаюцца на дзяржаўныя законы: маўляў, пастановы складалі не мы, мы толькі выканаўцы. 

І хоць па тэлебачанні вяшчаюць, што прыёмныя сем’і без дапамогі не застаюцца, у рэальнасці пытанне гэтае праблемнае. І паляпшэнню дэмаграфічнай сітуацыі ўсё гэта не спрыяе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі