Птушка, якая паляцела ў Іран, "з'ела" гадавы бюджэт расійскіх навукоўцаў
Птушка, якая паляцела ў Іран,"з'ела" гадавы бюджэт сібірскіх навукоўцаў, якія адсочваюць міграцыю стэпавых арлоў (яны занесены ў Чырвоную кнігу) і выяўляюць пагрозу для іх. Для гэтага выкарыстоўваюць GPS-датчык, які штогадзіну ў дзённы час адсылае смс-паведамленні з каардынатамі.
Стэпавыя арлы звычайна лета праводзяць у Расіі ці Казахстане, а на зіму ляцяць у Саудаўскую Аравію, Індыю ці Пакістан. У Іране, Таджыкістане ці Афганістане звычайна яны спыняюцца ненадоўга. Аднак сёлета арлы (а назіранне вядзецца за 13 птушкамі) паляцелі праз Казахстан і амаль не былі ў зоне дзеяння мабільных вышак. У выніку некалькі птушак вылецелі з рэгіёна дзеяння танных смс-паведамленняў і выйшлі на сувязь ужо ў краінах, дзе яны дарагія.
Адна з удзельніц даследавання, Мін з Хакасіі, "эмігравала" ў Іран, яе тэкставыя паведамленні каштавалі больш за 100 долараў за дзень. Пераводзіць птушку на больш рэдкія паведамленні нельга, паколькі гэта паўплывае на якасць даследавання. Як інфармуе "Бі-Бі-Сі", грошы на праект скончыліся датэрмінова. Расійскім навукоўцам давялося распачаць збор сродкаў, яны запусцілі акцыю "Закінь арлу на мабілку".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.